Самая няўдзячная справа для гісторыка — аналіз далетапісных часоў. Тут найбольш выразна праяўляецца суб’ектыўны характар гісторыі як навукі рэканструяваньня (зь непазьбежным пераходам у канструяваньне) мінуўшчыны. Ад падобнага дыскамфорту гісторыкі пазбаўляюцца найчасьцей, ужываючы міждысцыплінарны падыход, прыцягваючы правераныя ў іншых дасьледаваньнях мэтады і надаючы сваім тэзісам гіпатэтычны характар, што ў суме дае іх канструкцыям ілюзію імкненьня да аб’ектыўнасьці.

Можна пайсьці іншым шляхам — непазьбежную суб’ектыўнасьць гістарычнага расповеду ператварыць у галоўны козыр, бо нам, чытачам (у адрозьненьне ад спэцыялістаў), гісторыя важная ня так дзеля ўсьведамленьня яе заканамернасьцяў, як дзеля суперажываньня продкам, людзям мінулых эпох. Мы чакаем, што на старонках гістарычнай кнігі ажывуць эмоцыі, каштоўныя для нас. Напрыклад, нам ня так важна, колькі дакладна дзён прасядзеў на кіеўскім троне Ўсяслаў Чарадзей, як — што ён у гэты час перажываў, як і чаму яго вабіла назад Полаччына. Або хочацца ўявіць сябе Давыдам Гарадзенскім, за сьпінай якога жменька воінаў, перад вачыма — крыжацкае войска, а ў сэрцы — боль за зьнішчаную ворагамі сям’ю. І кроў перамогі на вуснах. Патэтычна, патасна? Так. Але, згадзіцеся, як п’яніць кроў у нашых жылах. Мы — нашэсьце бязьлітасных дрыгавітаў, мы — ашчэраная дзідамі крывіцкая дружына славянскага князя, што ставіць на калені Бізантыю. Найлепшы прыклад падобнага дасьледаваньня ваеннай гісторыі — кананічны твор «Вытокі эўрапейскага рыцарства» Франка Кардзіні. Не з аналізу археалягічных знаходак першых мэталічных дасьпехаў на тэрыторыі Эўропы пачынае ён свой аповед, і не з абмеркаваньня сацыяльнай ролі ваеннай эліты ў пэрыяд ваеннай дэмакратыі. Ён прапануе чытачу ўявіць сябе рымскім імпэратарам, перад вачыма якога пад ударамі барбараў гіне ягонае войска. Альбо — жыхаром Парыжу, які назірае са сьцяны крэпасьці набліжэньне бліскучай, аж да болю ў вачах, хвалі закутых у сталь рыцараў Карла Вялікага. Каб мы адчулі, скуль бяруцца вытокі таго рыцарства. І пры гэтым — ніякай публіцыстычнасьці.

Ягор Новікаў пайшоў першым шляхам. Агаворымся, гэта ня слабасьць дасьледаваньня, а асаблівасьць, заканамерная для распаўсюджанага ў беларускіх акадэмічных асяродках тыпу навуковай рацыянальнасьці, якая шмат у чым захоўвае марксісцкі фармацыйны падыход да гісторыі, а калі глядзець шырэй — рэалізуе пазытывісцкую праграму ў навуцы. Усе падыходы маюць права на існаваньне, а па грунтоўнасьці аналізу кніга мае высокі ўзровень. Так што, беручы яе ў рукі, проста падрыхтуйцеся, што вам будуць распавядаць не пра воінаў, а пра вайну, пра вайну як сацыяльную зьяву. Вы даведаецеся пра ўплыў вайны на этнакультурныя і эканамічныя працэсы на беларускіх землях, пра яе, вайны, гвалтоўную прыроду, пра розныя тыпы вайны, пра ўжываную нашымі продкамі зброю і мэтады вядзеньня баявых дзеяньняў. І, ясна ж, пра самі ваенныя дзеяньні на беларускіх землях ці з удзелам старажытных насельнікаў Беларусі.

Кніга падзеленая на дзьве часткі, якія маюць аднолькавую структуру — «Дадзяржаўны пэрыяд (канец V — пачатак ІХ ст.)» і «Нарманскі пэрыяд (820 — 970‑я гг.). Такім чынам, заяўлены ў назьве працы абяцанак пракрасьціся ў самую смугу тысячагодзьдзяў здымаецца. Аўтар ніжнюю храналягічную рысу свайго дасьледаваньня тлумачыць жаданьнем раскрываць ваенныя канфлікты дадзяржаўнага пэрыяду «толькі ў той ступені, у якой яны зрабілі ўнёсак у працэс дзяржаватварэньня і толькі ў пэрыяд, які непасрэдна папярэднічаў гэтаму працэсу». Закладзеная ў гэтым тэзісе думка можа стаць для далейшых дасьледчыкаў адпраўным пунктам крытыкі, накіраванай выявіць дзяржаватворчы ўнёсак ранейшых ваенных сутыкненьняў славян (з тымі ж готамі, качэўнікамі).

Першы разьдзел («Ваенная гісторыя») кожнай часткі — гэта інтэрпрэтацыя пісьмовых крыніц і археалягічных матэрыялаў, на аснове якіх будуецца верагодная гістарычная рэальнасьць. Прыход славян на беларускія землі падаецца аўтарам у кантэксьце Вялікага перасяленьня народаў, падкрэсьліваюцца і мірны, і ваенны характар асыміляцыі балцкіх земляў. Узаемадзеяньне славян з балтамі сп.Новікаў лічыць фундамэнтам узьнікненьня беларускага этнасу. Па праблеме нарманскага чыньніка ў працэсе дзяржаўнага будаўніцтва ў славян Усходняй Эўропы аўтар прызнае канцэпцыю «пакліканьня варагаў», лічыць ваенны ўплыў нарманаў важным фактарам складваньня дзяржаўнасьці на беларускіх землях, а таксама дапускае нарманскае паходжаньне тэрміну «Русь». Асаблівае месца ў дасьледаваньні мае атаясамленьне імёнаў вараскіх конунгаў, вядомых са скандынаўскіх крыніц, зь летапіснымі Рагвалодам, Турам, Рурыкам.

Другі разьдзел у кожнай частцы раскрывае ўплыў вайны на разьвіцьцё грамадзтва. Часам вобраз дружыннай эліты пэрыяду ваеннай дэмакратыі элегантна ілюструецца фальклёрным эпічным матэрыялам. Трэці разьдзел прысьвечаны апісаньню вайсковай арганізацыі, зброі, умацаваньняў і характару правядзеньня аблогі, стратэгіі і тактыкі вайны. Тут, акрамя пераказу бізантыйскіх крыніц, аўтар дапускае паралелі з ваенным майстэрствам іншых варвараў Эўропы раньняга сярэднявечча.

Пры скупасьці крыніц, праблемнасьці і неадназначнасьці ацэнак найважнейшых фактараў дзяржбудаўніцтва на славянскіх землях і прынцыпова гіпатэтычным характары нашых ведаў пра той працэс, кніга аб далетапісным пэрыядзе наўрад ці магла атрымацца больш аб’ектыўнай ці — больш суб’ектывісцкай. Для першага не хапае фактаў. Для другога — не хапіла мастацкай сьмеласьці.

Такім чынам, сярод прычын набыць гэтую кнігу галоўная — пабачыць вядомыя і збольшага сыстэматызаваныя гісторыкамі факты праз новую прызму. Сярод прычын не купляць — калі вы здаўна цікавіцеся старажытнай гісторыяй сваёй зямлі, можа аказацца, што вы гэта ўсё ўжо ведаеце.

Аляксей Бацюкоў

* * *

Новікаў, Я. Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца ХІІ ст.) — Менск: Логвінаў, 2007.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна