5 красавіка

Пракуратура зацікавілася
ГА «Таварыства беларускай мовы» атрымала афіцыйны адказ ад пракуратуры Менску. У лісьце гаворыцца, што пракуратура пачала афіцыйнае расьсьледаваньне па факце публікацыі ў газэце «Наша Ніва» артыкулу Сяргея Харэўскага «Кляштар з прэзыдэнцкім люксам». Пасьля публікацыі матэрыялу ТБМ зьвярнулася да генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча з запытам на адпаведнасьць праекту беларускаму заканадаўству. Да «нашаніўскага» артыкулу старшыня ТБМ Алег Трусаў дадаў свае зьвесткі, што на месцы кляштару знаходзіцца ўнікальны культурны пласт ХІІ—ХІІІ ст. і перад будаўнічымі працамі мусяць быць праведзеныя археалягічныя раскопкі.
Генпракурор перадаў зварот ТБМ у Менскую гарадзкую пракуратуру, якая і пачала разбор гэтага факту.

За галоснасьць
Дзевяць моладзевых актывістаў ініцыятывы «Новы шлях» правялі акцыю супраць магчымага будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Маладыя людзі запатрабавалі шырокага грамадзкага абмеркаваньня гэтага праекту. Удзельнікі акцыі прайшлі па ходніках ад Акадэміі навук да плошчы Перамогі, завязаўшы раты самаробнымі рэсьпіратарамі.

Клімаў адмовіўся
Адвакатка Кацярына Дудко паведаміла, што падчас азнаямленьня з абвінавачаньнем Андрэй Клімаў адмовіўся даваць паказаньні і супрацоўнічаць са сьледзтвам. Нагадаем, былы дэпутат Андрэй Клімаў быў затрыманы 3 красавіка паводле абвінавачаньня ў закліках да скіданьня дзяржаўнага ладу. Клімава трымаюць у той самай камэры, дзе ён сядзеў у часе папярэдняга зьняволеньня.

Справа царквы
Царква «Новае Жыцьцё» атрымала пастанову Вышэйшага гаспадарчага суду, у якой паведамляецца пра прыпыненьне вытворчасьці па справе суполкі. Гэта азначае, што наступнае паседжаньне пераносіцца на нявызначаны тэрмін. Прычына — «… у сувязі з накірункам запыту кампэтэнтнаму органу».

Міліцыянты ў судзе
У Магілёве адбыўся суд над супрацоўнікамі міліцыі, якія ў сьнежні затрымалі групу грамадзкіх актывістаў. 16 сьнежня супрацоўнікамі ДАІ былі затрыманыя 13 чалавек, што на маршрутнай таксоўцы кіраваліся ў Чарнігаў на канфэрэнцыю Саюзу левых партый. Затрыманых сілай даставілі ў РУУС нібыта для праверкі дакумэнтаў. 5 красавіка былі дапытаныя сьведкі з боку тых, хто падаваў скаргі на пазапраўныя дзеяньні прадстаўнікоў праваахоўных структур. У якасьці заяўнікаў выступілі юрыст Аляксандар Каралёў і грамадзкія актывісты Ірына Качарава і Аляксей Паўлоўскі. Яны патрабавалі прызнаць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі пазапраўнымі. Аднак суд прызнаў іх законнымі.

6 красавіка

Аднавілася «віцебская справа»
Сьведкаў дапытвае сьледчы пракуратуры Віцебску, што адмыслова прыехаў для гэтага ў Менск. Крымінальная справа («арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), узбуджана на падставе правядзеньня ў чэрвені 2006 г. шэрагу акцый у Віцебску. Падазраванымі па справе праходзяць Дзяніс Дзянісаў і Тацяна Елавая. Сьведкамі праходзяць больш як 80 чалавек.

Людзі выйдуць на вуліцу супраць кантрактнай сыстэмы
Актывісты руху за адмену кантрактнай сыстэмы найму ня здолелі адшукаць памяшканьне для правядзеньня арганізацыйнага сходу ініцыятыўнай групы. Цяпер яны мерацца сабрацца на вольным паветры. У Менгарвыканкам пададзеная заяўка з просьбай дазволіць ім сабрацца 15 красавіка на плошчы Бангалор.

9 красавіка

Казуліну працягнулі рэжым
Рэжым выхаду з галадоўкі для палітвязьня Аляксандра Казуліна працягнуты яшчэ на месяц. Гэты рэжым дазваляе палітыку атрымліваць адмысловае дыетычнае харчаваньне і не працаваць.

Садоўская з турмы
У лісьце дамоў з гомельскай калёніі праваабаронца Кацярына Садоўская піша, што ў калёнію прывезьлі новую групу асуджаных жанчын, і цяпер некаторыя вязьні сьпяць у калідоры, бо месцаў у камэрах бракуе. Акрамя таго, жанчыне не даюць такі неабходны ёй інсулін. Садоўская піша, што сярод асуджаных шмат жанчын сталага веку, у тым ліку старэйшых за 70 гадоў, якія фізычна ня могуць узлезьці на другі ярус ложкаў, дзе атрымалі месцы. Ёсьць і іншыя праблемы — у тым ліку з мэдыкамэнтамі замежнай вытворчасьці.

Флэш?моб супраць АЭС
А 19.30 каля 10 маладых людзей сабраліся каля Цырку, надзелі рэсьпіратары і павязкі са знакам радыяцыйнай небясьпекі. У руках яны трымалі расьцяжку «Беларусь — без АЭС!». Пазьней на плошчы Перамогі мінакам раздалі дзьве сотні ўлётак.

10 красавіка

Грамадзянская Радаўніца
На Радаўніцу 17 красавіка Аргкамітэт па ўшанаваньні памяці ахвяраў рэпрэсій заклікае людзей наведаць месцы савецкіх расстрэлаў у парку Чалюскінцаў і ва ўрочышчы Курапаты.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?