Сёньня ў ЗША ў веку 84 гадоў памёр Курт Вонэгут (Kurt Vonnegut). Пра сьмерць славутага пісьменьніка сьпярша паведаміў сябра сям’і, пасьля гэтая інфармацыя была пацьверджаная жонкай. Прычынай сьмерці сталася траўма галаўнога мозгу, выкліканая нядаўнім падзеньнем.

Парай словаў сказаць пра Вонэгута складана. Пра тое, што ён стаў кумірам цэлага пакаленьня. пра яго спэцыфічнае пачуцьцё, пра ягоная спэцыфічнае пачуцьцё гумару і стаўленьне да маралі ўжо напісаныя дзясяткі і сотні тысяч старонак. За яго гавораць ягоныя кнігі: «Бойня нумар пяць», «Утопія 14», «Часатрус», «Сьняданак для чэмпіёнаў», «Дай вам Бог здароўя, доктар Розўотэр» ды багата іншых. Яны былі і застаюцца папулярнымі, сталіся літаратурнай клясыкай. Апроч таго, гэтыя творы неаднаразова перасьледавалі ў духу хіба што не сярэднявечных традыцый: «Бойня нумар пяць» у свой час трапіла ў так званы сьпіс «шкодных кніг» у ЗША, яе выкідалі зь бібліятэк, а абураныя грамадзяне папросту спальвалі на вогнішчах. Вонэгут умеў спалучаць мараль з цынізмам, з дапамогай якога выцягваў вонкі парокі выварочваў сваіх герояў навыварат.

Амаль год таму ў адным з інтэрвію Вонэгут пакепліваў зь сябе ды дзівіўся, што ён гэтак доўга затрымаўся на гэтым сьвеце. У 200 г. пісьменьнік ужо быў апынуўся на грані сьмерці. Тады ў ягонай кватэры ўсчаўся пажар, і Вонэгут, які мірна бавіў час перад тэлевізарам і глядзеў футбол, кінуўся сам ратаваць свае матэрыялы. Ён надыхаўся дымам і страціў прытомнасьць. Але пажарныя пасьпелі яго ўратаваць і даставіць у больніцу.

Нарадзіўся ж ён у Індыянапалісе, у сям’і архітэктара, 11 лістапада 1922 году. Спачатку жыцьцё Вонэгутаў было даволі пасьпяховым і заможным, аднак вялікая дэпрэсія падарвала матэрыяльную стабільнасьць. Курт Вонэгут зарабляў сабе на жыцьцё працай у такіх кампаніях як General Electric і Saab (у красавіцкім нумары часопіса Esquire ён з гумарам расказвае, што з‑за яго непрыхільных водгукаў пра Saab швэды не далі яму Нобэлеўскай прэміі). У 1940‑х гадах служыў і ваяваў у Эўропе, быў паліцэйскім рэпарцёрам, настаўнікам у школе для разумова адсталых дзяцей.

Традыцыйным адпраўным пунктам у ягонай творчай кар’еры лічыцца 1950 г., калі ў адным з часопісаў выйшла першае апавяданьне Вонэгута, а ягоным сапраўдным узьлётам стала публікацыя ў 1969 годзе славутай «Бойні нумар пяць».

Адной з адпраўных тэзаў Вонэгута быў гуманізм, пісьменьнік нават ачольваў Амэрыканскую гуманістычную асацыяцыю. У адным з інтэрвію ён надзвычай трапна сфармуляваў простую ісьціну: «Быць гуманістам значыць, што ты стараешся паводзіць сябе высакародна і чэсна і не чакаеш за гэта ні ўзнагародаў, ні пакараньняў у наступным жыцьці. Калі некалькі гадоў таму мы ўшаноўвалі памяць Айзэка, то я выступіў з прамовай і сказаў: «Айзэк (Айзэк Азімаў — заўв. рэд.) цяпер на нябёсах». Я ня мог прыдумаць нічога больш сьмешнага для аўдыторыі гуманістаў. Але гэта спрацавала — яны заўсьміхаліся. Калі я калі‑небудзь памру, то спадзяюся, што хто‑небудзь скажа: «Курт цяпер на нябёсах». Гэта мой любімы жарт».

Паводле utro.ru

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна