Рэпартаж зь вёскі Любань.

Ад узнёслага пад нябёсы да самага зямнога, — усё гэта зроблена рукамi землякоў, усё ўпрыгожвае Вiлейскi край i застаецца для нашчадкаў як след папярэднiкаў на зямлi. Пра адмыслова сплеценую дзiцячую тапку гераiня нашага рэпартажу Дзiна Квяткевiч так i кажа — маленькi слядочак на шырокiм шляху.

Давялося нядаўна пабываць у Любанi. Не, не ў вядомым райцэнтры на ўскрайку беларускага Палесся, а ў вёсцы, што на Вiлейшчыне. Яна — цэнтр аднайменнага сельсавета, самая буйная ў сваёй акрузе. Летась стала другiм па лiку ў раёне аграгарадком. Тут сёння больш за тысячу жыхароў, а ва ўсiх навакольных трох дзесятках вёсак — 2 тыс.

Зразумела, яны намнога меншыя, чым Любань — дзе дзесяць, восем, нават тры чалавекi засталiся свой век дажываць. У асноўным, канешне, у невялiкiх вёсках адны старыя. Дарэчы, пенсiянераў сярод жыхароў сельсавета трэцяя частка. Дзяцей каля паўтысячы, яны наведваюць дзве школы: у Любанi сярэдняя, а ў Журыхах пачатковую з садком аб’ядналi. Змяншаецца колькасць жыхароў — такая апошнiм часам тэндэнцыя. Таму i ўстановы адукацыi даводзiцца закрываць. А раней, як узгадала сакратар Любанскага сельскага Савета Вольга Баслык, ледзь не ў кожнай вёсцы была свая пачатковая школа.

Мiж тым, хапае ў гэтых мясцiнах i радасных навiн. Гадоў з пяць таму ў Любанi з’явiлася свая царква — храм у гонар беларускiх святых. Гэтую справу некалi «выцягнуў» мясцовы свяшчэннiк Iгар Шалуха. Будоўля прайшла пры актыўным удзеле мясцовых жыхароў — за iх ахвяраваннi. Так што можна смела казаць, што царкву, як i ў былыя часы, узводзiлi ўсёй талакой. Усё ад сэрца, з самымi светлымi думкамi i пачуццямi, мабыць, таму i атрымаўся будынак вельмi прыгожы. Гэтая царква адзiная на ўвесь сельсавет, на службу сюды прыходзяць людзi з усёй вялiкай акругi.

Месцiчы часта збiраюцца разам, спяваюць, займаюцца рамяством, а то i проста абмяркоўваюць апошнiя навiны. У горадзе такога няма, таму калi прыязджаеш у вёску, адразу менавiта на ўзаемаадносiны памiж людзьмi ў першую чаргу i звяртаеш увагу. Яны зусiм iншыя — напэўна, больш блiзкiя i нераўнадушныя. Дзе вы ў горадзе знойдзеце ўстанову з шыльдай «Народны дом»? А ў Талуцi (яна — за дванаццаць кiламетраў ад Любанi) ён стаў сапраўдным культурным цэнтрам (хоць i размясцiўся на ўскрайку вёскi). Дарэчы, не толькi ў тутэйшых мясцiнах, а i далёка за межамi Вiлейскага раёна пра народны дом ведаюць.

На першым паверсе бiблiятэка. Што чытаюць?

— Ды рознае чытаюць, — кажа дырэктар народнага дома Мiраслава Сiльвановiч. — Адна жанчына толькi ваеннай тэматыкi кнiжкi бярэ, а ў асноўным любоўныя раманы карыстаюцца попытам. Пажадана, каб яны вялiкiмi лiтарамi былi надрукаваны — зрок у старых слабы. Дзятва ў асноўным школьную праграму асвойвае, ды пра прыгоды розныя чытае. Пры жаданнi можна знайсцi любую патрэбную кнiгу — з Любанi лiтаратуру да нас прывозяць, можна нават з Вялейкi (менавiта так Мiраслава Уладзiмiраўна i сказала. — М.Л.) праз цэнтралiзаваную бiблiятэчную сiстэму заказаць.

На другi паверх вядзе акуратная лесвiца, там адзiн вялiкi пакой самай сапраўднай народнай майстэрнi: заўважаеш праснiцы, калаўроты, кросны. Раней такiя бачыў хiба толькi ў музейных экспазiцыях, а тут яны, што называецца, «у справе». «Раней Талуць была вядомым цэнтрам ткацтва, — заўважае Мiраслава Сiльвановiч. — Не страцiлi жыхары сакрэтаў таго рамяства i цяпер — ледзь не ў кожнай хаце дасюль кросны стаяць. Жанчыны ткуць розныя рэчы — а чым яшчэ ўвечары, асаблiва ўзiмку, займацца?». Увогуле, у народным доме пастаянна працуюць дванаццаць (!) розных гурткоў. Сярод iх — вакальны, фальклорны, вязання, саломапляцення, макрамэ. А таксама два ткацкiя, кожны са сваёй асаблiвай спецыялiзацыяй — у адным ручнiкi ткуць, а ў другiм — посцiлкi. Усе рэчы ў пакоi зроблены рукамi вяскоўцаў i займаюць звыклае месца: дываны на сценах, посцiлкi на лавах, фiранкi на вокнах, абрусы на сталах, ходнiкi на падлозе. Пад столлю — розныя сiмпатычныя саламяныя павучкi?ахоўнiкi, а таксама самаробныя драўляныя жырандолi (тутэйшыя разьбяры — вялiкiя ўмельцы).

Кiраўнiца гуртка «Роднае слова» — Дзiна Карлаўна Квяткевiч — расказвае верш Купалы «Бабулька — прадаўчыца зёлак»:

...I кепска бабульцы —

Старая, сiвая.

Брак сiл працавацi,

Дык зёлкi збiрае.

Нясе iх да Мiнску,

На рынку садзiцца,

Збывае i вучыць,

Як трэба лячыцца.

А можа паможа

Душы хоць адной дзе,

I праца бабулькi

Намарна ня пойдзе.

«Гэты верш Купала сто гадоў таму напiсаў — у 1907?м, — тлумачыць Дзiна Карлаўна. — Думаю, што яго будзе дарэчы падчас святкавання вялiкай гадавiны з дня яго нараджэння ўзгадаць». Увогуле бабуля Дзiна (так яе тут усе называюць) — сапраўдная мясцовая знакамiтасць. Мала ад каго яшчэ пачуеш такую сакавiтую, трапную родную мову. А таксама цiкавыя аповеды пра жыццё, якое было, са смехам кажа Дзiна Карлаўна, быццам бы якi «серыял». Нарадзiлася ў Чэрвеньскiм раёне ў 1929 годзе, жыла ў Мiнску (дзе на Кальварыйскiх могiлках пахавана яе мацi), пасля бацьку перавялi ў Гомель, там i сустрэлi вайну.

Падчас Кастрычнiцкай рэвалюцыi бацька быў паранены, таму яго ў войска не ўзялi. «Раскажу вам адзiн сакрэт, — адступаецца ад тэмы бабуля Дзiна. — Нiякая я не Карлаўна, бацька мой быў Кiрылам. Гэта ён пасля рэвалюцыi некалькi лiтар у iменi, што было запiсана ў метрыцы змянiў i зрабiўся Карлам — моднае i актуальнае па тых часах iмя (усё ж такi — Карл Маркс, Карл Лібкнехт)».

— Можа вам расказаць пра нашу вёску? — пытаецца бабуля Дзiна. — Ну, дык слухайце, правяду экскурсiю. Спачатку ФАП: як падняўся ў бабы цiск, паднялi суседзi пiск — трэба бабу ратаваць, бо няма за што хаваць. Побач — аддзяленне сувязi, там мы свае грошы атрымлiваем: а тут i пенсiю далi па высокай меры, цяпер мы добра зажывём, спадарыня Вера. Пасля — крама: зойдзеш у краму, адчуеш прамашку — тры тысячы аддасi за алею пляшку. А далей так: пайшла на пенсiю — у крымплен адзелася, рукi?ногi аддыхнулi, у клуб мне захацелася. Гэта пра наш народны дом. Вось такое ў нас цудоўнае месца.

I сапраўды — проста ўнiкальныя мясцiны. Гэта i мiнчане ацанiлi, апошнiм часам жыхары сталiцы пачалi тут купляць жыллё пад дачы. I з’язджаюць з мегаполiсу, каб паслухаць цiшыню i падыхаць сапраўдным паветрам. Завiтваюць у народны дом i iншаземцы — часта прыязджаюць немцы. Купляюць сувенiры, слухаюць песнi, нават вучацца нешта рабiць сваiмi рукамi. Аднойчы iх вазiлi ў лес i паказвалi партызанскiя зямлянкi.

«У дарогу» бабуля Дзiна прачытала яшчэ адзiн верш (колькi я пачуў iх за наша нядоўгае спатканне!):

Ты для мяне на ўсёй зямлi адзiная,

I колькi буду жыць на свеце я,

Мая навекi вечная Радзiма —

Старонка беларуская мая...

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?