Мінпрамэнэрга Расеі зноў унесла ва ўрад праект пастановы пра будаўніцтва «Транснафтай» другой часткі Балтыйскай трубаправоднай сыстэмы (БТС‑2), паведамляе ў чацьвер газэта «Комммерсантъ».

Праект нафтаправоду магутнасьцю да 80 млн тон у год раней выкарыстоўваўся Расеяй як сродак ціску на Беларусь яго рэалізацыя дазволіць Расеі цалкам адмовіцца ад транзыту нафты церазь Беларусь і Польшчу ў ЭЗ па нафтаправодзе «Дружба».

Гэтым разам ідэя БТС‑2 абмяркоўваецца ўрадам у закрытым рэжыме — найхутчэй, стратэгічная адмова ад «Дружбы» ўжо зацьверджаная.

Праект будаўніцтва трубаправоду ў абыход Беларусі паўстаў на пачатку 2007 году, калі Расея ўвяла ад 1 студзеня мыта на экспарт нафты ў Беларусь да 180 даляраў за тону (дагэтуль экспарт нафты ў Беларусь мытам не абкладаўся.

У адказ Беларусь увяла мыта за транзыт расейскай нафты памерам 45 даляраў за тону, што прывяло да спыненьня нафтаправоду «Дружба». 3 студзеня «Транснафта» ўнесла ва ўрад прапановы па будаўніцтве БТС‑2 у абыход Беларусі .

10 студзеня пасьля тэлефоннай гутаркі Ўладзімера Пуціна й Аляксандра Лукашэнкі Беларусі скасавала мыта на транзыт нафты. 12 студзеня было падпісанае пагадненьне пра зьніжэньне расейскага экспартнага мыта з 180 даляраў да 53 даляраў за тону, і ў лютым 2007 году праект БТС‑2 быў адпраўлены «на дапрацоўку».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?