У Слонімскім краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка, прысвечаная 450‑годдзю з дня нараджэння выдатнага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Беларусі, канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі, паведаміла БЕЛТА галоўны хавальнік фондаў музея Ірына Шпыркова.

Паводле яе слоў, у экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея. Гэта Статут Вялікага княства Літоўскага, выдадзены на польскай мове ў 1647 годзе, герб г. Слоніма, вышыты на тканіне ў пачатку ХХ стагоддзя, гравюры з выявай Льва Сапегі канца ХІХ стагоддзя, фотаздымкі помнікаў, вуліц, плошчаў, добраўпарадкаваных у горадзе пры садзейнічанні Льва Сапегі, копіі дакументаў, падпісаных канцлерам.

Сапега шмат зрабіў для Слоніма. У 1586 годзе ён стаў слонімскім старостам, дзякуючы яго намаганням горад ператварыўся са звычайнага маленькага гарадка ў палітычны цэнтр ВКЛ. Сапега шмат працаваў над добраўпарадкаваннем горада. Пры ім былі выбрукаваны вуліцы і плошча, пасаджаны сады, пабудаваны новыя масты. У 1595 годзе ён адбудаваў разбураны ў 1506 годзе адзіны ў горадзе касцёл, які ўзвышаўся на месцы цяперашняга касцёла святога Андрэя. Па хадайніцтву Льва Сапегі з 1605 года Слонім атрымаў права склада, што абавязвала купцоў, якія правозілі праз горад тавары, спыняцца і гандляваць імі. У тым жа годзе Сапега заснаваў у горадзе першы ткацкі цэх.

Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб узвядзенні помніка Льву Сапегу ў Слоніме. Праект помніка выраблены вядомым беларускім скульптарам, ураджэнцам Слонімшчыны Іванам Міско.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?