Крымінальная справа распачата ў дачыненні да намесніка начальніка трубапракатнага цэха ААТ «Беларускі металургічны завод» у Жлобіне.
«Падазраваны, уступіўшы ў змову з нявызначанымі асобамі, з тэрыторыі завода спрабаваў скрасці два падшыпнікі агульным коштам больш за 32 млн»,— растлумачылі ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гомельскай вобласці.
Справа расследуецца Жлобінскім райаддзелам СК. Яна заведзена па ч. 1 арт. 14, ч. 3 арт. 210 КК (замах на крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае групай асобаў па папярэдняй змове ў буйным памеры). У дачыненні да падазраванага абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
У УСК дадалі, што ўжо дапытаныя сведкі, праведзеныя ператрусы па месцы жыхарства падазраванага і іншых фігурантаў крымінальнай справы. Накладзены арышт на маёмасць падазраванага, прызначаная рэвізія па цэху.





