Вуліца Цэнтральная. Палова хатаў – пустыя.
Сухія дрэвы могуць паваліцца хоць заўтра.
Пенсіянерам няма дапамогі.
Жыхары невялікай вёскі Стаўры, што ў Аршанскім раёне, напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Яны папярэдзілі, што не пойдуць на выбары, пакуль ужо дзейныя дэпутаты не вырашаць набалелыя праблемы вяскоўцаў.
Галоўная вуліца ў Стаўрах завецца Цэнтральнай. Хаты цераз адну закінутыя, спрахлыя платы, сухія дрэвы і някошаны бур’ян…Такі вясковы краявід штодня назіраюць 80 мясцовых жыхароў, палова з якіх пенсіянеры.
Яны — тыя, каго прынята лічыць апірышчам сучасных уладаў, — таксама падпісалі калектыўны ліст у адміністрацыю Лукашэнкі. Дапамогі нават ад бліжэйшай улады, дэпутатаў сельсавета, і то не відаць, кажа спадарыня Ніна:
«А што мне сельсавет? Бура паламала дзве слівіны, і няма каму іх зрэзаць. Ніхто так і не прыехаў. Каму гэта ўсё трэба?»
Адзінае, што застаецца, — гэта прыгразіць байкотам выбараў, дадае спадарыня Раіса:
«Можна ж было не даводзіць да гэтага, каб баршчавік атрутны рос каля могілак! Два гектары бур’яну там ніяк не абкосяць, дарогі не абкошаныя — ужо не відаць, як у вёску ўехаць! Аварыйныя дрэвы ёсць у вёсцы. Ідзе зіма, як пачнуць яны ламацца, дык ізноў будзем сядзець без святла па цэлых сутках! Мы ставім газавыя катлы, а як святла не будзе, дык усё — будзем мы мерзнуць тады! Ну чаго гэта трэба нам пісаць аж да прэзідэнта, каб разбірацца?»
Подпісы вяскоўцаў пад калектыўным лістом з папярэджаннем пра байкот выбараў збіраў старэйшына вёскі Ігар Грышанаў:
«Перш чым зьбіраць подпісы, я паехаў да старшыні сельсавета, я паехаў у райвыканкам. Каб не думалі, што я пішу лісты за іхнай спінай. Кажу: „Хлопцы, трэба скасіць два з паловай гектары бур’яну каля могілак!“
Гэтая ўлада цалкам дыскрэдытавала сябе ў вачах людзей! І я сабраў подпісы, усе падпісаліся!»
Два з паловай гектары бур’яну і аварыйныя дрэвы — далёка не ўсё, што павінна было б хваляваць дэпутатаў, лічыць старэйшына:
«40 чалавек працаздольных, але няма дзе працаваць. Хто ў Оршы працуе — а да Оршы паспрабуй дабярыся! Зімой дарогі замятае — ні прайсці, ні праехаць! Лес спілавалі, рэчку спаганілі. Калодзежы трэба зачыняць — дужа кепская ў іх вада!
Надзея цяпер толькі на байкот. Ліст з папярэджаннем ужо дайшоў да прэзідэнцкай адміністрацыі, і ў Стаўрах пачаліся першыя змены:знайшлася касілка, каб абкасіць дарогу. Але як справы не прасунуцца далей, людзі гатовыя не пайсьці на выбары.





