У судзе над экс-начальнікам сакратарыята савета рэспублікі прагучыць «інтымная інфармацыя»
Справу Глеба Бядрыцкага пачалі разглядаць у Мінскім гарадскім суддзе 10 верасня.
Суд над экс-начальнікам сакратарыята савета рэспублікі зрабілі закрытым. Хадайніцтва пра перанос працэсу ў закрыты разгляд заявіў пракурор.
Маўляў, у справе прысутнічае інтымная інфармацыя, якая тычыцца абвінавачанага.
Адвакат і сам Бядрыцкі настойвалі, каб працэс ішоў адкрыта. Але суддзя Таццяна Тупік падтрымала пракурора.
Глеб Бядрыцкі быў затрыманы 19 кастрычніка 2011-га. Ён абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса:
чч.2–4 арт.210 — «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі» і ч.3 арт.424 — «Злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі».
Глеб Бядрыцкі нарадзіўся ў 1974 годзе ў Наваполацку. У 1996 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію па спецыяльнасці «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», у 2000-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці «сусветная эканоміка і міжнародныя эканамічныя адносіны». Ягоны кар’ерны шлях цікавы: працаваў у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, пасольстве Беларусі ў Германіі, апараце Савета міністраў. Пасаду начальніка сакратарыята савета рэспублікі заняў у верасні 2003 года. Гэта значыць, літаральна праз два месяцы пасля таго, як у апазіцыю перайшоў тагачасны кіраўнік палаты акадэмік Аляксандр Вайтовіч. Мусіць, тады ў пэўных структурах зразумелі, што прагапілі Вайтовіча і што кантроль над палатай трэба «ўзмацняць».
КМ
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ