Як паведаміла арганізатар турніру Алена Ляўкевіч, спаборніцтвы праходзяць у трох катэгорыях: кіданне тэлефона на далёкасць, на дакладнасць і самы арыгінальны кідок. Узрост і пол удзельнікаў не абмежаваны. «Спаборніцтвы па кіданні мабільных тэлефонаў праводзяць у Беларусі з 2003 года.
Гэтым разам у нас рэкордная колькасць удзельнікаў: зарэгістравалася больш як 400 чалавек», —адзначыла Ляўкевіч.
Паводле яе слоў, падчас чэмпіянату было ўстаноўлена два новых рэкорды ў кіданні тэлефона на далёкасць — рэкорд у 95 метраў амаль адразу ж пабіў новы — у 99,6 метра. Папярэдні рэкорд чэмпіянату быў устаноўлены ў 2007 годзе і складаў 94 метры.
«Найбольш папулярны такі чэмпіянат — у Фінляндыі. Сёлета там быў устаноўлены сусветны рэкорд — 101 метр.Наш рэкорд — 99 метраў, так што беларусы на сусветным узроўні выглядаюць вельмі годна. Больш за тое, колькасць удзельнікаў чэмпіянату ў Беларусі большая, чым у Фінляндыі: у іх гэта звычайна 50–60 чалавек, а ў нас толькі ў далёкасці кідку спаборнічалі прыкладна дзвесце чалавек», — сказала Ляўкевіч.





