8 верасня 1514 года нашы продкі перамаглі ў адной з самых слаўных бітваў — пад Оршай. На пачатку 90-х у гэты дзень вайскоўцы прымалі ўрачыстую прысягу на вернасць Беларусі. За Лукашэнкам свята стала нефармальным, а нават пераследаваным.

Відэа з прысягі 1992 года на плошчы Незалежнасці:

З нагоды свята перадрукоўваем класічны артыкул нашага выдатнага гісторыка Генадзя Сагановіча «Вайсковая слава і бясслаўе гісторыкаў».

У нашай даўняй гісторыі няма іншай падзеі, якая б стала падобным сімвалам і выклікала столькі ж вострых баталій, як бітва пад Воршай.
Гэта вялікая перамога над намнога большым маскоўскім войскам, здабытая ў абарончай вайне, на сваіх землях і сваёй жа арміяй, кіраванай сваім (праваслаўным!) гетманам.
Пачынальнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі бачылі ў ёй лепшы доказ гістарычнай нятоеснасці беларусаў і вялікарусаў. А для гісторыкаў расейскіх, наадварот, яна была ці не самай «нязручнай» падзеяй, што ніяк не ўпісвалася ў канцэпцыю «адзінага славянарасійскага народу».
Вось жа стаўленне да гэтай бітвы ў самой Беларусі і вызначалася змаганнем расійскага бачання з беларускім.
Пасля разгрому «нацдэмаўскай» гістарыяграфіі і ўсталявання савецкай гістарычнай дактрыны Ворша была табуяванай тэмай, — да абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі.
Толькі тады «забытая» сеча вярнулася ў падручнікі, была ацэненая як «вялікая перамога» ваяроў, што «баранілі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем’і». У першай палове 1990-х гадоў, пры хоць якой дэмакратыі, пра Аршанскую бітву ў нас пісалася болей, чым пра якую іншую падзею айчыннай гісторыі. І штогод колькасць публікацыяў пра яе ў перыёдыцы падвойвалася!
З прыходам А. Лукашэнкі ды яго курсам на рэінтэграцыю з Расіяй стаўленне да бітвы дыяметральна змянілася.
Мясцовыя адэпты «трыадзінарускасці» зноў узяліся цвердзіць, быццам бітва пад Воршай не вартая і памяці, бо была… «братазабойчай». Трашчанок так і піша: войны Масквы супраць ВКЛ «нельга прадстаўляць як беларуска-рускія сутыкненні, у якіх рускі бок быў агрэсарам», гэта — «зламысная фальсіфікацыя!» Дык кім жа тады быў «рускі бок» у распачатых ім жа войнах?

Для цяперашніх трубадураў «Вялікай Расіі», як і для іх ідэйных айцоў з ХІХ ст., межы «рускага» народа вызначала праваслаўе, таму, маўляў, агрэсія Масквы супраць Вялікага Княства была справядлівай барацьбой за «ўз’яднанне» зямель Русі ў адной дзяржаве.

Але акурат Аршанская бітва і бурыць падобны тэзіс пра праваслаўе як падставу таго «адзінства» ды справядлівы характар войнаў «за ўз’яднанне».

Вось жа ў ХVІ ст. для нашых продкаў было натуральным не толькі помніць пра перамогу пад Воршай, але і ганарыцца ёю. Праваслаўны летапісец дзякаваў гетману Астрожскаму за тое, што яго стараннямі «маскоўскага ворага пабілі», і ставіў маскавітаў у адзін шэраг з бусурманамі.

У эпоху жорсткага супрацьстаяння з Масквою сечу 1514 году часта згадвалі ў гераічным кантэксце, называючы «вялікай бітвай Аршанскай». Падзея, якая ўжо тады набыла сімвалічнае значэнне, вартая таго, каб быць ключавым топасам беларускага нацыянальнага наратыву. Таму эпігоны заходнерусізму і стараюцца любым чынам затушаваць ці маргіналізаваць яе. То цвердзяць, быццам армію Астрожскага складала толькі польская і літоўская шляхта, а беларусы калі і былі, дык «паднявольныя», то што бітва не мела аніякага значэння…
Ніхто не скажа дакладна, якую частку пераможнага войска складалі вершнікі з Беларусі, але гэта не мае прынцыповага значэння.
Прынцыповы факт масавага ўдзелу ў бітве праваслаўнай беларускай шляхты (а пад Воршу прыйшло паспалітае рушанне з усіх земляў ВКЛ!) і тое рэха, якое яна выклікала ў тагачаснай Беларусі. Шляхта ж (а яна па вызначэнні не бывала «паднявольнай») незалежна ад этнічнага паходжання лічыла ВКЛ сваёй дзяржавай і бараніла, бо даражыла яго палітычным ладам.
Што ж да значэння, то хоць перамога і не стала вырашальнай у вайне, яна спыніла маштабны наступ маскоўскай арміі ўглыб краю і дапамагла вызваліць гарады Ўсходняй Беларусі, а ў далейшым — і паспрыяла развалу небяспечнага ваеннага альянсу Масквы з імперыяй Габсбургаў, які пагражаў існаванню ВКЛ.
Так што пафасныя словы падручніка пра абарону суверэнітэту зусім не беспадстаўныя.
Менавіта бітве пад Воршай выпала асаблівая роля ў фармаванні сучаснай беларускай тоеснасці.
Ніводная іншая падзея не выклікае такога канфлікту ідэнтычнасцяў — беларускай і расійскай. У стаўленні да яе і выяўляецца, хто кім сябе ідэнтыфікуе. Для адных гэта «святая бітва за Бацькаўшчыну», для другіх — «эпізод унутрырускай міжусобіцы». І звесці іх немагчыма.

Генадзь Сагановіч, газета «Свабода» (2008)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0