У 2001-м, падчас акцыі са знічкамі на Савецкай вуліцы ў Гродне, на «Дзяды». Тады я прыйшоў з маці, трымаючы ў руках паўлітровы слоік з агеньчыкам унутры. Нейкі студэнт побач не быў такім абачлівым і ягоная свечка на вятрыску ўвесь час гасла. Кожнага разу ён прасіў запаліць яе ў мяне. Прасіў па-беларуску. Я гугніва спрабаваў яму нешта адказаць, але нічога не выходзіла. У школе ж нас вучылі арфаграфічным правілам, але не вучылі размаўляць па-беларуску.

У першым гродзенскім ліцэі ў 2005-м ад пачатку мы з парай хлопцаў нават дамаўляліся на перапынках размаўляць выключна па-беларуску.

Гэта быў больш пафасна-дэманстратыўны крок, як, напрыклад, стоячы з рукой на сэрцы, слухаць «Пагоню» Багдановіча на занятках беларускай літаратуры. Зразумела, надоўга нас не хапіла…

Першых прынцыпова-беларускамоўных аднагодкаў я пабачыў толькі на гродзенскім гістфаку.

Хлопец і дзяўчына, двое на ўвесь курс, якія стойка трымаліся сваёй пазіцыі. Тады яны мяне нават злавалі, як злавала «апазіцыя», Беларусь, беларусы наогул і я сам, што даволі заканамерна ў 18 год.
Толькі пасля прыйшло ўсведамленне, што іншай краіны не будзе, а з гэтай трэба нешта рабіць, калі ўжо давялося ў ёй нарадзіцца. Пачынаючы, вядома, з сябе.
Ланцужок насамрэч просты: спачатку ты чытаеш ці слухаеш па-беларуску, пасля спяваеш, час-почас пішаш (калі спатрэбіцца), адказваеш беларускамоўным знаёмым на іх мове… Калі такіх знаёмых шмат — ты ўжо вымушаны падзяліць сваю моўную прастору на дзве часткі.
Далей — самае цяжкае: пачаць размаўляць у хаце, з роднымі.

Калі цябе выгналі з універа і ты раздзяўбай без працы ды яшчэ з дзіркай на джынсах, ясная справа, беларуская мова, як і што-кольвек, зыходзячае з тваіх вуснаў, будзе ўспрымацца крытычна. Таму варта мець больш-менш «роўныя» адносіны з блізкімі, прынамсі плаціць за кватэру, калі хочаце без праблемаў размаўляць за сталом у сямейным коле.

Калі выпрабаванне сям’ёй пройдзенае рэшта ўжо будзе неістотнай: знаёмыя, мянты, мілыя цётухны на касах
з адвечнымі пытаннямі: «Что-что? А-а-а, сахар. Как интересно, по-беларуски разговариваете…» Гэта ўжо справа прынцыпу і звычкі.
Тое самае з беларускай мовай «у ложку». Варта толькі пачаць. Зрэшты, там гэта і не галоўнае…

Алесь Кіркевіч — намеснік старшыні «Маладога Фронту». Быў асуджаны па справе аб «масавых беспарадках», атрымаў чатыры гады турмы. Пазней быў памілаваны. Жыве ў Гродне.

Беларуская мова на зоне — з’ява рэдкая, таму яе трэба адстойваць.

З досведу скажу, што каўказцы ці сярэднеазіяты лепш ставіліся да нашай мовы, чым прадстаўнікі «трох братніх народаў».
Кінуць размаўляць, аднак, немагчыма: такая рэч была б успрынята як слабасць.
Часам мова — добрая нагода пасмяяцца ды падсадзіць адміністрацыю «на каня»: так у «амерыканцы» адзін прапар неяк выпаліў падчас праверкі: «Какой «шпацыр»?! Мы что по-польски с вами разговариваем?! Нет такого слова в словаре, я лично проверял! Давайте уважать родную белорусскую речь… «Шпацыр», б…ть!..« — апошнюю фразу кінуў, ужо схаваўшыся за дзвярыма.

Для мяне як верніка пэўны час стаяла пытанне мовы ў Бібліі, штодзённай малітве.

Ведаю, што некаторыя беларускамоўныя пратэстанты, напрыклад, маўчаць, калі царква спявае гімны па-расейску альбо індывідуальна дублююць тую ж песню па-беларуску, калі ёсць пераклад. Як уніяту мне прасцей: у грэка-каталіцкай царкве літургія, тэксты малітваў, духоўная літаратура — усё па-беларуску.

Па маім перакананні не варта накідвацца на знаёмых з пытаннем: «А чаму ты па-расейску размаўляеш?»

Большасць «фрыкаў», якія лезуць да вас з такімі папрокамі, маглі б атрымліваць штомесяц талоны на малако ад «камітэта» за дыскрэдытацыю беларускай мовы. Людзям патрэбен прыклад, а не папрокі.

На маю думку поўная беларусізацыя прыйдзе толькі зверху, і толькі пасля змены рэжыму. Пакуль жа мова прасоўваецца як сродак зносінаў андэграўнду, «нелегальнай» Беларусі.

Напрыклад, расейскамоўныя заўзятары, як «правыя», так і «левыя», зараз абклейваюць гарады беларускамоўнай агіткай сваіх клубаў.
Тое, на чым раней спецыялізаваўся Малады Фронт, зараз робяць яны — апаноўваюць беларускую вуліцу і робяць яе «беларускай».
Асабіста мне такія тэндэнцыі толькі дадаюць аптымізму.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?