Ад 1 верасня заснавальнік сайта Belarusian News Photos павінен быў распачаць творчую практыку на інтэрнэт-партале TUT.BY, аднак хлопец дагэтуль не можа пераехаць у сталіцу з-за адсутнасці кватэры.

Да гэтага часу Антон Сурапін з’яўляецца студэнтам Інстытута журналістыкі БДУ. З верасня ён мусіў прыступіць да практыкі, якую дамовіўся праходзіць на інтэрнэт-партале TUT.BY.

«Аднак каб гэтую практыку прайсці, мне трэба пераехаць у Мінск. Для гэтага я мушу адшукаць кватэру, куды перавядуць падпіску аб нявыездзе. Але кватэру адшукаць вельмі складана. Бо калі гэта трэба было рабіць, я сядзеў у СІЗА КДБ, а абітурыенты, вядома, наляцелі, і зараз варыянтаў зняць кватэру для студэнта ў сталіцы вельмі мала», — распавёў Антон Сурапін.

Антон Сурапін гаворыць, што ўжо некалькі тыдняў шукае прыдатнае жытло, але да гэтага часу нічога не знайшоў. У выпадку, калі заснавальнік сайта Belarusian News Photos і былы зняволены СІЗА КДБ так і не прыступіць да практыкі, яго могуць адлічыць з універсітэта.

13 ліпеня 20-гадовы Антон Сурапін быў затрыманы КДБ па справе аб незаконным перасячэнні мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам. Інцыдэнт адбыўся раніцай 4 ліпеня. Над Івянцом і Мінскам былі скінутыя сотні плюшавых мядзведзяў.

Студэнт Інстытута журналістыкі БДУ першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фотаздымкі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. У дачыненні да маладога чалавека распачата справа па ч. 3 арт. 371 КК, ён абвінавачваецца ў «дапамаганні наўмыснаму незаконнаму перасячэнню мяжы, учыненаму арганізаванай групай асоб». 17 жніўня Антон Сурапін быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе са Слуцка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?