Расійскі і беларускі акцыянеры Беларускай калійнай кампаніі прыйшлі да пагаднення па прынцыповых пытаннях стварэння «Саюзкалія», паведаміў прэс-сакратар ЗАТ «БКК» Філіп Грыцкоў.

«Бакі прыйшлі да пагаднення па прынцыповых пытаннях, супярэчнасці зняты, цяпер мы працуем над дэталямі алгарытму ўзаемадзеяння расійскага і беларускага акцыянераў», — адзначыў прадстаўнік Беларускай калійнай кампаніі ў каментарыі па выніках праведзенага 30 жніўня пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў.

Кампанія «Саюзкалій» будзе створана ААТ «Беларуськалій» і ААТ «Уралкалій» на базе ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» і зарэгістравана ў Швейцарыі. Да яе пяройдуць функцыі БКК як эксклюзіўнага трэйдара абедзвюх кампаній.

Раней генеральны дырэктар БКК Валерый Іваноў у гутарцы з журналістамі адзначыў, што стварэнне кампаніі — працэдура няпростая і патрабуе часу. «Гэта не менш як паўгода пасля прыцяцця станоўчага рашэння па стварэнню „Саюзкалія“. Ёсць працэдура, звязаная з антыманапольнымі камітэтамі некаторых дзяржаў, якія павінны прыняць станоўчае рашэнне па гэтаму пытанню. А пасля кампанія пачне працаваць», — сказаў Валерый Іваноў. Гаворачы аб тым, што выйграе беларускі бок у выніку, калі станоўчае рашэнне будзе прынята, генеральны дырэктар БКК адзначыў, што асноўная задача — прыцягненне крэдытных рэсурсаў на выгадных умовах. Гэтыя сродкі могуць быць выгадна выкарыстаны на перспектыву. Акрамя таго, яшчэ адна важнейшая задача «Саюзкалія» — забяспечыць аб’ёмы рэалізацыі ўгнаенняў і цану на іх на даволі высокім узроўні.

ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» створана ў 2005 годзе. Акцыянерамі кампаніі з’яўляюцца ААТ «Беларуськалій» (45 працэнтаў), ААТ «Уралкалій» (50 працэнтаў) і Беларуская чыгунка (5 працэнтаў). Доля Беларускай калійнай кампаніі на сусветным рынку экспарту калійных угнаенняў складае больш як 40 працэнтаў. БКК экспартуе калійныя ўгнаенні ў Еўропу, Індыю, Кітай, Цэнтральную і Паўднёвую Амерыку, ЗША, Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Афрыку і Блізкі Усход.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?