У Беларусі можа быць зменены прадметны шэраг цэнтралізаванага тэставання. Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна, пакуль абмяркоўваюцца некалькі варыянтаў аптымізацыі прадметнага раду ЦТ.

Ёсць прапановы, напрыклад, аб’яднаць гісторыю і грамадазнаўства, магчыма, убраць некаторыя прадметы, не запатрабаваныя для паступлення ў ВНУ і ССНУ.

«Прадугледжваецца яшчэ больш наблізіць прадметны рад ЦТ да патрабаванняў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі», — зазначыла Ваніна.

Паводле яе слоў, прапановы па змяненні прадметнага раду ЦТ будуць абмяркоўвацца на ўзроўні спецыялістаў — рэктараў ВНУ, настаўнікаў і метадыстаў, а таксама грамадскасці.

Хутчэй за ўсё, новаўвядзенне будзе ўнесена ў праект новых правілаў прыёму ў ВНУ, які да лістапада павінен быць прадстаўлены на разгляд прэзідэнта.

Нагадаем, у адпаведнасці з праектам новых правілаў прыёму ў ВНУ ў Беларусі плануецца адмяніць большасць ільготаў пры паступленні. Прапаноўваецца адмяніць раздзельны конкурс для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. Льготу па залічэнні без уступных іспытаў абітурыентаў, якія заваявалі прызавыя месцы на міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядах, іншых спаборніцтвах, прапаноўваецца захаваць для тых, хто паступае на профільныя спецыяльнасці. Плануецца ўвесці норму, згодна з якой на завочную форму навучання ў ВНУ змогуць паступаць толькі працаўладкаваныя грамадзяне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?