У першым паўгоддзі гэтага года рост прадукцыйнасці працы ў Беларусі адставаў ад тэмпаў росту рэальнай заработнай платы на 2,2%.
Пра гэта гаворыцца ў аналітычным дакладзе аб выкананні найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, апублікаваным на сайце Міністэрства эканомікі.

«Пастаянны рост рэальнай заработнай платы сёлета пры адносным захаванні ўзроўню прадукцыйнасці працы прывёў не толькі да паступовага скарачэння разрыву паміж іх узроўнямі, але і парушэння важнай эканамічнай прапорцыі — перавышэння тэмпаў росту рэальнай заработнай платы над тэмпам росту прадукцыйнасці працы», — гаворыцца ў матэрыяле. Паводле вынікаў паўгоддзя рост рэальнай зарплаты склаў 7,4%, прадукцыйнасці працы — 5,2%.

Разам з тым, адзначаецца ў дакладзе, «якаснай характарыстыкай працы прамысловасці з’яўляецца апераджальны рост у студзені-чэрвені 2012 года прадукцыйнасці працы адносна тэмпаў росту рэальнай заработнай платы (на 0,9%). У той жа час назіраецца тэндэнцыя ў збліжэнні тэмпаў росту гэтых паказчыкаў».

У цэлым у прамысловасці Беларусі рост прадукцыйнасці працы за студзень-чэрвень склаў 12,6%, рост рэальнай зарплаты — 11,7%.
«Аднак апераджальны тэмп росту прадукцыйнасці працы над тэмпам росту рэальнай заработнай платы ў цэлым па рэспубліцы забяспечваецца за кошт вынікаў працы двух ведамстваў: канцэрна „Белнафтахім“ (на 6,4%) і Міністэрства аховы здароўя (на 6%)», — адзначаюць у Міністэрстве эканомікі. У астатніх ведамствах тэмпы росту прадукцыйнасці працы адстаюць ад тэмпаў росту рэальнай зарплаты: у Мінпраме (105,8% супраць 114,4%), Мінсельгасхарчы (103,3% супраць 107%), Мінбудархітэктуры (100,8% супраць 108,2%), канцэрнах «Беллегпрам» (109,1% супраць 116,2%), «Беллеспаперапрам» (105,6% супраць 113,8%), «Белдзяржхарчпрам» (95,9% супраць 105,8%).

У рэгіянальным разрэзе перавышэнне прадукцыйнасці працы над рэальнай заработнай платай у прамысловасці дасягнута толькі ў Віцебскай вобласці (на 8,8%) і Мінску (2,7%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?