Калі б Генадзь Карпенка быў жывы, улада адчувала б сябе менш камфортна. Такое меркаванне выказаў у інтэрв’ю БелаПАН лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, вядомы беларускі палітык пайшоў з жыцця восем гадоў таму. Віце‑спікер Вярхоўнага савета, старшыня Нацыянальнага выканаўчага камітэта, член‑карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, прафесар Генадзь Дзмітрыевіч Карпенка памёр у 7 гадзін раніцы 6 красавіка 1999 года. Сапраўдныя прычыны яго смерці дагэтуль невядомыя. Жонка і дзеці апазіцыйнага палітыка з‑за пастаяннага пераследу і прэсінгу з боку ўладаў вымушаны былі выехаць у Германію, дзе атрымалі статус палітычных бежанцаў.

«Існуе ходкае меркаванне, што незаменных людзей не ісуне. Але гэта не так. І, на жаль, нашы таварышы, якіх з намі ўжо няма, — Генадзь Карпенка, Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, Дзмітрый Завадскі, Анатоль Красоўскі — пацвярджэнне таму, што незаменныя людзі ўсё ж ёсць. І нам іх вельмі не хапае», — сказаў А.Лябедзька.

Паводле слоў палітыка, калі б Г.Карпенка быў жывы, «выбары прайшлі б зусім па‑іншаму». «Была б больш выражаная персанальная ініцыятыва на прэзідэнцкіх выбарах. Была б іншая сітуацыя, усё было б па‑іншаму», — лічыць А.Лябедзька.

Як паведаміў лідэр АГП, сёння члены партыі не плануюць нейкіх «гучных мерапрыемстваў». «Мы проста з’ездзім на могілкі, з аднапартыйцамі, яго калегамі па Вярхоўным савеце яшчэ раз узгадаем гэтага светлага чалавека», — сказаў А.Лябедзька.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?