Камэнтар Барыса Тумара.

На тэлеканале АНТ распачаўся новы мэгапраект — «Дзьве зоркі». Акрамя тых сьвяцілаў, якія сьпяваюць (ці ў меру свайго таленту выконваюць тое, што ў наш шчасьлівы час завецца песьняй), на экране стала прысутнічае яшчэ пяць зорак журы.

У першым выпуску новага тэлешоў то быў характэрны камплект. Тэлебос Казіятка, у мінулым вайсковы прапагандыст. Зорка поп-сцэны Люся Лушчык. Два работнікі Расейскага тэатру, Янкоўскі і Луцэнка, якія нядаўна выгналі выдатнага актора толькі за тое, што ён удзельнічаў у мітынгу. І — увага — Лідзія Ярмошына.

Ідэю папулярызацыі палітсыстэмы праз ТВ-шоў прыйшла да нас праз расейскіх паліттэхнолягаў. У шоў «Танцы з зоркамі» ў ролі судзьдзяў можна было бачыць і Зюганава, і Жырыноўскага, і іншых пэрсанажаў з кабарэ расейскай палітыкі.

У расейскай сыстэме тонка кіраванай дэмакратыі папулярызуюць палітыкаў. Нікому не прыходзіла ў галаву рабіць імідж Вешнякову. У Беларусі ўсё збудавана іначай. У «дзяржаве для народу» трэба, каб народ перадусім давяраў асобе, якая першаю паведамляе людзям пра 83%. Каб кожны, хто галасуе супраць, верыў, што ён, ягоная жонка, дзеці і суседзі папросту належаць да мізэрнае, грахоўнае, беспэрспэктыўнае 17-працэнтовае меншасьці.

З аднаго боку — Аверкаў, Давыдзька, Язерская. Вядома, не Арлоў і ня Вольскі, усё кіраваныя асобы.

З другога боку — Ярмошына.

Зь Ярмошынай хочуць зрабіць мілы, свойскі пэрсанаж. Справядлівага, непадкупнага судзьдзі. Што дазволіць ёй бясконца доўга служыць апорным элемэнтам «ідэальнай дыктатуры».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна