Радыё «Свабода» правяло апытаньне сярод слухачоў на тэму «Што для вас перш за ўсё азначае Вялікдзень». Слухачом прапанавалася прагаласаваць за адзін з наступных магчымых адказаў: «пост і малітва, духоўнае сьвята», «магчымасьць дараваць і прасіць дараваньня», «фарбаваныя яйкі і булкі» і «я не сьвяткую». Адкінуўшы апошні адказ тых (а іх, на жаль, аказаўся вялікі адсотак), для каго гэтае сьвята ня мае значэньня, разгледзім тры першыя. У першым выпадку трэба сказаць, што кожнае рэлігійнае сьвята ёсьць духоўным, а пост і штодзённая (а ня толькі на сьвята) малітва — неабходная перадумова духоўнага росту верніка. Калі гаворка пра «магчымасьць дараваць і прасіць дараваньня», дык ці ж мы ў штодзённай малітве, якую навучыў нас сам Госпад Ісус Хрыстос, ня кажам «І адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым»? Такім чынам, для Вялікадня, паводле апытаньня «Свабодзе», характэрнымі застаюцца «фарбаваныя яйкі і булкі»... Насамрэч, гэтая прапазыцыя атрымала найбольш галасоў. Вось да якіх нечаканых вывадаў прыводзяць нас часам апытаньні грамадзкай думкі.

Што ж тады для нас азначае Вялікдзень? Сьвяты Ян Дамаскін пачынае свой Велікодны гімн наступнымі словамі: «Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся, людзі: Пасха Гасподняя, Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба Хрыстос Бог узьняў нас, якія пяем песьню перамогі».

Пасха — габрэйскае слова, якое для габрэяў азначала выхад зь ягіпецкай няволі да абяцанай зямлі пад кіраўніцтвам Майсея. Для нас яно набыло большае, глыбейшае значэньне: выхад зь няволі сьмерці пад кіраўніцтвам Бога, які стаўся чалавекам, каб зрабіць нас удзельнікамі свайго боскага жыцьця. Вялікдзень — гэта акт абнаўленьня ўсяго тварэньня ў Богу.

Безумоўна, гэты акт абнаўленьня не прыйшоўся лёгка. Яго апярэджвалі пакуты і крыжовая сьмерць нашага Збаўцы. А паколькі «вучань ня большы за настаўніка», дык і нам не пазьбегнуць цяжкасьцяў у гэтым жыцьці. Аднак нават у самыя цяжкія хвіліны ў нас не павінна пакідаць упэўненасьць нашай апошняй мэты.

Герой аповесьці Васіля Быкава «Трэцяя ракета», адзіны беларус у невялікай шматнацыянальнай вайсковай адзінцы, успамінаючы сваю далёкую бацькаўшчыну, разважаў: «І ў гэтым невялічкім разьліку я заўсёды нашу ў сабе стрыманы, маўклівы гонар, што я — беларус. Я не крыўдую, калі, сказаўшы ня так якое рускае слова, чую ад Задарожнага абразьлівае «трапка», — хай сабе не скажу гэтак прыгожа, як ён, але ёсьць у мяне свая вартасьць, і ён, як бы ні хацеў, ня можа абразіць мяне». Нешта падобнае, але ў далёка шырэйшым кантэксьце нашага Боскага пакліканьня, сустракаем у сьвятога Паўла: «Ні сьмерць, ні жыцьцё, ні анёлы, ні ўлады, ні сілы... ні якое другое стварэньне ня зможа адлучыць нас ад любові Божае, што ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым» (Рым 8:38‑39). Вось гэта і ёсьць сутнасьць сьветлага і радаснага сьвята Вялікадня.

Вялікдзень 2007 г.

а. Аляксандар Надсан

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна