Кампанія Jones Lang LaSalle, якая працуе ў сферы кіравання інвестыцыямі, прадставіла новы рэйтынг празрыстасці рынкаў нерухомасці. Беларусь заняла ў ім 94 радок і трапіла ў спіс краін з найбольш непразрыстым рынкам, апынуўшыся ў кампаніі такіх дзяржаваў, як Судан, Нігерыя, Ангола, Пакістан, Ірак, Гана, Венесуэла і Манголія. Усяго даследчыкі ахапілі 97 краін на ўсіх кантынентах.

Рэйтынг, упершыню апублікаваны ў 1999 годзе, складаецца на аснове сукупнасці колькасных рынкавых дадзеных і інфармацыі, сабранай шляхам апытання міжнароднай бізнэс-супольнасці. На кожным рынку праводзіўся агульны аналіз 83 розных фактараў, якія былі згрупаваныя па 13 тэматычных пытаннях, што ўлічваюць як фундаментальныя паказчыкі рынкаў і нарматыўна-прававую базу, так і асаблівасці заключэння ўгодаў.

Для інвестараў індэкс служыць інструментам кіравання рызыкамі, дазваляе больш эфектыўна ацэньваць умовы эксплуатацыі нерухомасці ў розных краінах свету, адзначаецца на сайце Jones Lang LaSalle.

Самым празрыстым рынкам нерухомасці ў 2012 годзе сталі ЗША, за імі з невялікім адрывам ідуць Вялікабрытанія і Аўстралія, адзначаецца ў дакладзе. У катэгорыю з высокай празрыстасцю ўваходзяць таксама Нідэрланды, Новая Зеландыя, Канада, Францыя, Фінляндыя, Швецыя і Швейцарыя.

«Вынікі даследавання за 2012 сведчаць, што аднавіўся працэс павышэння празрыстасці рынкаў нерухомасці пасля запаволення, што назіралася падчас фінансавага крызісу 2008–2009 гадоў», — гаворыцца ў дакладзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?