Такая выснова ўтрымліваецца ў Краінавым эканамічным мемарандуме для Беларусі, які эксперты Сусветнага банка прэзентавалі ў Мінску 10 ліпеня.

У апошняе дзесяцігоддзе, гаворыцца ў мемарандуме, тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі былі даволі высокімі і складалі ў сярэднім прыкладна 8% у год.
Дзякуючы гэтаму краіне ўдалося істотна зменшыць узровень беднасці — з 47% у 1999 годзе да 5% у 2010 годзе.

Аднак, адзначаюць эксперты, эканамічны рост у апошняе дзесяцігоддзе забяспечваўся ў Беларусі найперш за кошт фактараў, якія не спрыялі павышэнню канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі.

Адной з асноўных прычын эканамічнага росту ў Беларусі былі танныя энерганосьбіты.

«На працягу ўсяго перыяду 2001–2010 гадоў эканамічная мадэль абапіралася на пастаўкі энерганосьбітаў з Расіі па заніжаных цэнах, прычым сярэднегадовы памер умоўна налічанай субсідыі перавышаў 13 працэнтаў ВУП», — сказана ў дакуменце.

Атрымліваючы энерганосьбіты па льготных цэнах, Беларусь, тым не менш, не скарысталася гэтай перавагай для павышэння сваёй канкурэнтаздольнасці, што «звузіла перспектывы для Беларусі знайсці новыя крыніцы росту», падкрэсліваюць эксперты Сусветнага банка.

«Зніжэнне прадукцыйнасці і канкурэнтаздольнасці ўказвае на тое, што Беларусь не здолела правесці структурную мадэрнізацыю сваёй эканомікі, павялічыць яе канкурэнтаздольнасць і знайсці альтэрнатыўныя крыніцы даходу. Не здолеўшы ліквідаваць свае знешнія дысбалансы, краіна за апошнія тры гады перажыла два крызісы», — гаворыцца ў мемарандуме.

Паводле меркавання экспертаў Сусветнага банка, Беларусі неабходна пайсці на структурныя рэформы, што дазволіць вырашыць некалькі фундаментальных праблем, а менавіта:
пераразмеркаваць працоўныя рэсурсы і капітал на карысць сегментаў эканомікі з высокай прадукцыйнасцю; ажыццявіць рэструктурызацыю сектара дзяржпрадпрыемстваў; павялічыць ролю прыватнага сектара і сектары паслуг у эканоміцы.

«Паспяхова вырашыўшы гэтыя задачы, Беларусь ажывіць свае канкурэнтаздольныя сегменты эканомікі і раскрые нявыкарыстаныя магчымасці для эканамічнага росту. Гэта таксама скароціць залежнасць эканомікі ад паставак энерганосьбітаў з Расіі па заніжаных цэнах і дазволіць ёй падняцца ўверх у ланцужку стварэння кошту ў межах сусветнай інтэграцыі», — мяркуюць эксперты Сусветнага банка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?