Мінгарвыканкам вызначыў месцы ў сталіцы, забароненыя для пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Адпаведнае рашэнне размешчана на сайце гэтага дзяржоргана.

У прыватнасці, подпісы нельга будзе збіраць на аб’ектах метрапалітэна (за выключэннем тэрыторый падземных пешаходных пераходаў), чыгуначнага і паветранага транспарту; на тэрыторыі некаторых плошчаў сталіцы — Кастрычніцкай, Незалежнасці, Перамогі, Прывакзальнай.

Таксама забароненыя пікеты бліжэй за 200 метраў ад будынкаў рэзідэнцыі прэзідэнта, Нацыянальнага сходу і Савета міністраў і на адлегласці менш як 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазабеспячэння, установы дашкольнай адукацыі, установы агульнай сярэдняй адукацыі, арганізацыі аховы здароўя).

Нельга збіраць подпісы на адлегласці менш як 300 метраў ад тэрыторый ядзерных установак, аб’ектаў, прызначаных для вытворчасці ці захоўвання радыеактыўных рэчываў і матэрыялаў, у тым ліку захоўвання ядзерных матэрыялаў, адпрацаваных ядзерных матэрыялаў і (ці) эксплуатацыйных радыеактыўных адыходаў, на тэрыторыях гэтых аб’ектаў і ў іх санітарна-ахоўных зонах; на адлегласці менш як 200 метраў ад будынкаў, збудаванняў, дзе знаходзяцца арганізацыі, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый тэлевізійных і радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама радыётэлевізійных перадаючых станцый і радыёперадаючых станцый.

Праводзіць пікетаванне з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў у Мінску можна будзе з 8 да 22 гадзін.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе праходзіць з 15 ліпеня па 13 жніўня ўключна. Выбары адбудуцца 23 верасня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?