Раніцай 10 ліпеня ў Міністэрстве спорту і турызму адбылася ўрачыстая цырымонія праводзінаў беларускай каманды на Алімпійскія гульні, якія пройдуць з 27 ліпеня па 12 жніўня ў Лондане (Англія).
У цырымоніі ўзялі ўдзел кіраўнікі спартыўнай галіны, а таксама заслужаныя алімпійцы краіны.

«Мы падышлі да піку, да якога ішлі чатыры гады. Жадаю, каб у апошнія дні перад Алімпіядай вы, крый божа, не атрымалі траўмы, а на Гульнях сабраліся і паказалі свой найлепшы вынік. За вамі будзе сачыць уся краіна», — даваў наказ атлетам міністр спорту Алег Качан.

Капітанам беларускай каманды на цяперашняй Алімпіядзе будзе двухразовая алімпійская чэмпіёнка, шматразовая чэмпіёнка свету па акадэмічным веславанні, заслужаны майстар спорту 40-гадовая Кацярына Карстэн, для якой гэтыя Гульні стануць ужо шостымі ў кар’еры. Сцяганосцам у беларускай дэлегацыі абраны 35-гадовы тэнісіст, першы нумар сусветнага парнага рэйтынгу Максім Мірны.

«Збярыце ўсю сілу, волю, характар у адзін кулачок, каб у Лондане вы ажыццявілі вашы надзеі і мары. Алімпіяда адрозніваецца ад усіх іншых стартаў, яна не параўнальная ні з чым. Праганіце ўсе лішнія думкі і пакажыце свае лепшыя вынікі!» — пажадала алімпійская чэмпіёнка 1972 года па спартыўнай гімнастыцы Антаніна Кошаль.

Усяго ад Беларусі на Алімпіяду адпраўляюцца 166 спартсменаў, якія прадстаўляюць 25 відаў спорту. Нагадаем, перад беларускай зборнай стаіць задача заваёвы 25 медалёў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?