Рашэнне уладаў аб перадачы ўладальніку «Трайпла» кантрольнага пакета акцый завода праходзіць апошнія стадыі ўзгаднення, паведамляе "Заўтра тваёй краіны". Крыніца ва ўладных структурах не пацвердзіла, але і не абвергла цікавасці алігарха да аднаго з найбуйнейшых беларускіх піваварных заводаў. «Хутка ўсё даведаецеся», — заінтрыгаваў суразмоўца.

Чаму дзяржава спяшаецца адмовіцца ад «Крыніцы»?

Эксперты мяркуюць, што апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення уладаў і якая заахвоціла іх нарэшце паспрабаваць прадаць завод прыватнаму інвестару, маглі стаць вынікі працы «Крыніцы» ў мінулым годзе.

Па выніках 2011 найбуйнейшы вытворца піва на беларускім рынку, якім «Крыніца» з’яўлялася з 1976 года, упершыню саступіў лідэрства групе кампаній «Хайнэкен». Рынкавая доля двух заводаў «Хайнэкена» у Бабруйску і Рэчыцы ў продажах на ўнутраным рынку склала 23% (у 2006 годзе доля «Сябра» і «Рэчыцапіва» была 16,5%), тады як у «Крыніцы» — усяго 22,2% (у 2006 годзе — амаль 40%).

У параўнанні з 2010-м годам, калі прыбытак «Крыніцы» складаў 5,7 млрд. рублёў, у мінулым годзе завод працаваў у страту — мінус 1,6 млрд. рублёў.

У гэтым годзе група «Хайнэкен» па-ранейшаму трымае першынства па пастаўках на ўнутраны рынак. Па выніках студзеня-мая толькі адзін бабруйскі завод канцэрна рэалізаваў у Беларусі 4,5 млн дал піва. «Крыніца» прадала за гэты перыяд 4,1 млн дал унутры краіны, а таксама 1,7 млн дал піва на экспарт.

Кошт будзе на парадак ніжэй, чым два-тры гады таму

Умовы магчымага продажу «Крыніцы» самому ўплывоваму беларускаму бізнэсоўцу Юрыю Чыжу невядомыя. Але трэба меркаваць, што мясцовы алігарх зрабіў уладам больш выгадную прапанову, чым турэцкая кампанія Efes Breweries. Туркі прадаставілі ўраду Беларусі прапанову па кошце і план па перспектыўным развіцці завода ў канцы мінулага года, але атрымалі адмову: беларускія улады не задаволіла сума, якую гатовы быў заплаціць за «Крыніцу» пятнаццаты ў свеце вытворца піва.

У той жа час эксперты адзначаюць: колькі б цяпер ні даваў за гэты піваварны завод Чыж, сума будзе на парадак меншай за тую, якую дзяржава магла б выгандляваць пры прыватызацыі завода яшчэ два-тры гады таму.

Колькі разоў прадавалі «Крыніцу»?

Эпапея з прыватызацыяй «Крыніцы» — доўгая і насычаная падзеямі гісторыя.

У 2001 годзе беларускія ўлады прадалі кантрольны пакет заводу расійскай кампаніі «Балтыка», каб праз некаторы час ануляваць сваё рашэнне. «Балтыцы» давялося звяртацца ў міжнародныя суды, каб вярнуць інвеставаныя ў прадпрыемства амаль 11 млн долараў.

У 2003 годзе завод быў перададзены ў пяцігадовае давернае кіраванне «Прыёрбанку». Гэтая «нагрузка» разглядалася як своеасаблівая плата за ўваходжанне на беларускі рынак аўстрыйскай групы Raiffeisen. Акрамя таго, трэба было аднекуль браць грошы, каб расплаціцца з «Балтыкай» за завезенае абсталяванне.

Па заканчэнні пяцігадовага тэрміну з «Прыёрбанкам» паўстаў варыянт з прыцягненнем у якасці інвестара кампаніі SABMiller. Прычым, галоўным пасярэднікам — партнёрам сусветнага канцэрна называўся тагачасны галоўны беларускі алігарх Уладзімір Пефціеў. Але SABMiller і Пефціеў ў выніку не рызыкнулі, а з траіх іншых прэтэндэнтаў, якія падалі летам 2009 года заяўкі на тэндэр па адбору кіруючага мэнэджара для «Крыніцы», арганізатары таргоў нікога не выбралі. Тэндар завяршыўся без аб’вешчання пераможца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?