Сваякі беларускіх палітвязняў звярнуліся з адкрытым лістом да пераможцы конкурсу «Еўрабачанне» шведскай спявачкі Лорын ў сувязі з яе візітам у Беларусь і ўдзелам у фестывалі «Славянскі базар» у Віцебску (12 ліпеня).

Аўтары ліста інфармуюць Лорын аб сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне, аб тым, што ў беларускіх турмах знаходзяцца людзі, якія адважыліся выступіць супраць рэжыму, што ў Беларусі ўжываюцца катаванні і смяротнае пакаранне.

«Мы, маці і жонкі палітвязняў, хочам, каб Вы, Лорын, ведалі: Беларусь — гэта краіна, дзе пануе страх і бяспраўе, няма незалежнага суда, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе супраць прэзідэнта і шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў уведзены санкцыі ЕС за парушэнне правоў чалавека, за фальсіфікацыю вынікаў выбараў, за пераслед апанентаў.

Ваш выступ, дарагая Лорын, адбудзецца ў адзінай краіне ў Еўропе, дзе кандыдатаў у прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі збіваюць, пасля выбараў катуюць у турме КДБ і хаваюць на гады за краты.
Дзе пасля выбараў у 2010 годзе было затрымана больш за тысячу чалавек і больш за 30 чалавек атрымалі тэрміны ад 3 да 6 гадоў пазбаўлення волі, толькі за тое, што адважыліся выказацца супраць кіруючага рэжыму.

Мы — сваякі беларускіх палітычных зняволеных, не можам уплываць на Вашае рашэнне выступіць на адкрыцці „Славянскага базару“. Мы не можам пазбавіць нашых суграмадзян права атрымаць асалоду ад Вашай музыкі і Вашага выканальніцкага таленту. Але мы спадзяемся, Вы будзеце памятаць, што гэтае свята заўсёды выкарыстоўваўся уладай, як магутная прапагандысцкая нагода, як спосаб дэманстрацыі міжнароднай падтрымкі кіруючаму рэжыму. Калі ласка, не дайце ім скарыстацца Вашым імем і прысутнасцю ў сваіх мэтах!», — пішуць родныя палітвязняў.

Нагадаем, што Лорын у Азербайджане сустракалася з праваабаронцамі.

Ліст падпісалі Марына Адамовіч — жонка кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча; Людміла Мірзаянава — маці былога палітвязня Фёдара Мірзаянава; Алена Ліхавід — маці былога палітвязня Мікіты Ліхавіда; Марына Лобава — маці палітвязня Эдуарда Лобава; Таццяна Севярынец — маці палітвязня Паўла Севярынца; Таццяна Францкевіч — маці палітвязня Аляксандра Францкевіча; Наста Палажанка — нявеста палітвязня Зміцера Дашкевіча; Валянціна Аліневіч — маці палітвязня Ігара Аліневіча; Аляксандр Дзядок — бацька палітвязьня Мікалая Дзядка; Юля Бандарэнка — дачка былога палітвязня Змітра Бандарэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?