Часта лепшыя нумары ў лепшых гатэлях называюцца прэзідэнцкімі. Гэта не значыць, што ў іх могуць спыняцца толькі кіраўнікі дзяржаў. Зоркі шоў-бізнесу, буйныя бізнесмены і палітыкі таксама дазваляюць сабе «прэзідэнцкія» ўмовы пражывання. А вось сярэдняму мінчуку не хопіць цэлай зарплаты (4,5 мільёны рублёў паводле свежай статыстыкі), каб пераначаваць у самых прэстыжных апартаментах некаторых сталічных гатэляў.

Finance.tut.by склаў падборку самых элітных нумароў у гатэлях Мінска, даведаўся іх кошт і высветліў, якія знакамітасці ў іх спыняліся.

5 месца

«Планета»: VIP-апартаменты

Плошча: 120 кв. метраў

Кошт: 5,07 млн рублёў (для замежнікаў), 3,4 млн рублёў (для беларусаў).

Гатэль «Планета» быў пабудавана да маскоўскай Алімпіяды 1980 года. Яе VIP-апартамент стаў першым нумарам высокага ўзроўню ў нашай краіне. Усе яго пяць пакояў аформленыя ў класічным стылі і абстаўленыя італьянскай мэбляй. На сценах — працы беларускага мастака Леаніда Гандыша, а пасцельную бялізну шые на замову аб’яднанне «Белмастацпромыслы» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

У адміністрацыі гатэля «Планета» нам распавялі, што нумар практычна заўсёды заняты. Беларускія знакамітасці тут не спыняюцца, затое замежных хапае. Тут бывалі Хуліа Іглесіяс і Патрысія Каас.

Што тычыцца расійскай эліты, у VIP-апартаментах начавалі акцёры Сяргей Бязрукаў і Алег Меньшыкаў, дырыжор Юры Башмет, гендырэктар ТРА Саюза Ігар Угольнікаў.

У гэтым нумары неаднойчы праходзілі кіназдымкі. Апартаменты ўжо «засвяціліся» у фільме «На спіне ў чорнага ката» і серыяле «Вольф Месінг».

4 месца

«Вікторыя»: Трохпакаёвыя апартаменты

Плошча: 120 кв. метраў

Кошт: 6,8 млн рублёў (1 чалавек), 6,9 млн рублёў (2 чалавекі)

«Вікторыя» пазіцыянуе сябе як бізнес-гатэль, разлічаны на дзелавых турыстаў. Часцей за іншых сюды прыязджаюць расійскія, нямецкія і італьянскія бізнесмены.

Прадстаўнікі беларускага бізнесу ў гатэлі таксама спыняюцца, але ў самыя дарагія апартаменты яны не засяляліся. Між тым попыт на іх можна назваць стабільна высокім. Звычайна гэты нумар здымаюць 6–8 раз за месяц, хоць здаралася, што яго браніравалі і 11, і 15 раз у месяц.

Самым каларытным госцем трохпакаёвых апартаментаў стаў шэйх з адной з арабскіх краін. Ён пражываў у іх месяц разам з жонкай-беларускай, дзецьмі і слугамі, якія гатавалі яму стравы нацыянальнай кухні проста ў нумары.

3 месца

«Мінск»: VIP-suite (прэзідэнцкі)

Плошча: 175 кв. метраў

Кошт: 7,3 млн рублёў (1 чалавек), 7,5 млн рублёў (2 чалавекі)

Нягледзячы на прыстойны кошт прэзідэнцкага нумара, у гатэлі «Мінск» неаднойчы сутыкаліся з сітуацыяй, калі кліенты жадалі засяліцца ва ўжо забраніраваныя апартаменты. Напрыклад, аднойчы грамадзяне Ірана «ўвялі» тры лепшыя нумары ў дэлегацыі расійскіх палітыкаў.

Палітычная эліта нярэдка наведвае гатэль «Мінск». У VIP-suite начаваў расійскі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў, былы міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын, цяперашні прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч.

Пабывала ў гэтым нумары і цяжкая артылерыя расійскага шоў-бізнесу: Ала Пугачова, Філіп Кіркораў, Лайма Вайкуле, Ірына Алеграва.

У 2011-м наведвальнасць VIP-нумару ўпала. На першы погляд, дэвальвацыя не павінна была паўплываць на ягоную папулярнасць. У гатэлях жывуць у асноўным замежнікі, якім падзенне рубля толькі на руку — паездка абыдзецца танней. Аднак у гатэлі «Мінск» патлумачылі, што за замежных гасцей часта плацяць беларускія арганізацыі, якія іх запрашаюць.

На пачатку 2012 года адміністрацыя гатэля амаль на 300 даляраў знізіла кошт на прэзідэнцкі нумар. У мінулым годзе ён каштаваў 1171 долар. На пытанне аб прычынах у гатэлі лаканічна адзначылі, што зніжэнне кошту зрабіла нумар больш даступным для кліентаў.

½ месца

Crowne Plaza Minsk: Прэзідэнцкі люкс

Плошча: 104 кв. метры

Кошт: 12,1 млн рублёў (1 чалавек), 12,5 млн (2 чалавекі)

У гатэлі Crowne Plaza Minsk 115 нумароў рознага класа. Кошт стандартных пачынаецца з 2,3 мільёнаў рублёў, самыя дарагія каштуюць больш за 1 тысячу еўра за ноч. Прэзідэнцкіх люксаў два. Да кожнага з іх вядзе персанальны ліфт. Нумары адрозніваюцца адзін ад аднаго толькі афармленнем: адзін выкананы ў блакітных, а іншы ў ружовых танах.

На першым паверсе прэзідэнцкага люкса месціцца гасцёўня, кабінет, сауна, ванны пакой. На другім паверсе — спальня і другі ванны пакой. У апартаментах тры LCD тэлевізары, а ўся мэбля зробленая уручную ў Італіі.

Калі ў лепшым нумары гатэля «Мінск» пабывала нямала палітыкаў, то ў гэтых апартаментах спыняюцца ў асноўным сусветна вядомыя музыкі:

гурты Scorpions, Korn, 30 seconds to Mars, спявак Энрыке Іглесіяс. Таксама тут спыняўся самы багаты, паводле версіі часопіса Forbes, расійскі выканаўца — Стас Міхайлаў.

Часта беларускія кампаніі браніруюць прэзідэнцкі нумар для сваіх замежных партнёраў. Тут жа ідзе абмеркаванне шматлікіх інвестыцыйных праектаў, якія рэалізуюцца ў Мінску.

1–2 месца

«Еўропа»: Presidential Suite

Плошча: 124 кв. метры

Кошт: 12,1 млн рублёў (1 чалавек), 12,6 млн рублёў (2 чалавекі)

Гатэль «Еўропа» адкрыўся ў 2007 годзе. Каб паглядзець на гарадскую ратушу з акна прэзідэнцкага нумара, трэба мець у кашальку не менш за тысячу еўра. Апартаменты, размешчаныя на 6 паверсе, абстаўлены мэбляй беларускай вытворчасці. На кошт прэзідэнцкага нумара, як нам патлумачылі, уплывае не столькі раскоша інтэр’еру, колькі вялікая плошча, наяўнасць сауны і працоўнага кабінета.

Сусветныя зоркі, якія час ад часу заязджаюць у Мінск, аддаюць перавагу пяцізоркавым гатэлям. Такіх у беларускай сталіцы толькі два — Crowne Plaza Minsk і «Еўропа».

Адміністрацыя гатэля «Еўропы» інфармацыю пра сваіх гасцей выдаваць адмовілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?