Сёння, шпацыруючы па Мінску, я ўбачыў жахлівы будынак новай бібліятэкі. Хм… якая цікавая архітэктарская школа. Ж. хадзіла са мной і вельмі смяялася.

Я зусім не перабольшваю — гэты будынак прызналі адным з самых пачварных у свеце. Выглядае нібыта вялікая пустая скрынка, візуальна вельмі нязграбная.
Падобна да велізарнага касмічнага карабля, што не можа ўзляцець. Больш за тое, зямля багністая і няўстойлівая (разлічылі няправільна), і бібліятэка паступова прасядае. У неба яна дакладна не паляціць, хутчэй апусціцца да цэнтра Зямлі. Ноччу будыніну асвятляюць усімі колерамі вясёлкі, часам нават густоўна. І ўсё ж яна проста ўражвае сваёй нязграбнасцю.

Выявы на гэтых савецкіх будынках услаўляюць асваенне космасу.

Мне сапраўды вельмі цікава, што думалі архітэктары, калі ўзводзілі гэтую школу і як яны ўвогуле трапілі ў прафесію. Гэта проста па-за межамі майго ўяўлення. Аказваецца, гэта архітэктура і будынак школы. Калі будзеце адсюль выходзіць, не здзіўляйцеся, што бачанне прасторы ў вас неяк змянілася.

«Scientia est potentia» у СССР, у горы і радасці…

[Веды — сіла (лац.) — заўв. рэд.]

Ж. лічыць, што фатограф у дзеянні яшчэ цікавейшы, чым тое, што ён здымае. А мінчукі ўвогуле не разумеюць, што такога я знайшоў у гэтых мясцінах.

Я шмат хадзіў адзін. Будынкі не налазяць адзін на адзін, шырачэзныя праспекты даюць фатографу магчымасць адступіць настолькі, наколькі трэба для цікавага ракурсу. І нічога не губляецца. У Еўропе зусім не так.

Вось, напрыклад, аўтобусная станцыя, якая наглядна дэманструе аблічча сучасных канструкцый горада. Гэта ідэальная антымадэль для ўсіх, хто вывучае архітэктуру.
Ідэя добрая, зразумелая. Цэнтральны слуп падтрымлівае дыск, што хавае пасажыраў ад непагадзі. Навес выклікае пачуццё лёгкасці, мы можам забыць перашкоду над галавой, што абараняе нас, забыць прыцягненне. Але вось тут архітэктары сваю задуму цалкам правальваюць. Вас нібыта прыбівае да зямлі занадта цяжкім слупом і занадта цяжкім дыскам — яго структура заскладаная, а значыць, і зацяжкая. Шкада, але такую памылку робяць вельмі часта.
Можна пачаць з добрай ідэі — і сапсаваць яе тапорным выкананнем.

Мне здаецца, гэта цэнтр па назіранні за радыяцыяй. Бо выгляд гэтага будынка не натхняе на штосьці мэтазгоднае.

Унутраны дворык, тыповы для Мінска. Зноў жа,

паміж фасадам будынкаў і дварамі — дыстанцыя агромнага памеру.

Чарговая, наццатая па ліку афіша «Я люблю Беларусь!» Тут не так ужо і шмат рэкламы на вуліцах. Але вялікія фарматы прапагандысцкіх афішаў рэжуць вока. Маўляў, беларускі народ, ганарыся, любі сваю краіну, не забывай яе.

Празрыстыя намёкі, што краіну мы любім такой як ёсць і давайце не будзем нічога мяняць.
Плакаты выкарыстоўваюць усе магчымыя клішэ — прырода-сямя-традыцыі. Гэтыя тэмы крыху казычуць патрыятычныя пачуцці.
Кепскі густ тут проста б’е ў вочы, і лагічна было б меркаваць, што фінансуюцца яны на грошы ад падаткаў.

Тут я магу сказаць толькі адно: мы бачым найчысцейшы інтэрнацыянальны стыль, дзякуй, Карбюзье. Можа падацца, што я занадта крытычны, але мне гэта падабаецца… у глыбіні душы.

Цягнічок, у якім катаюць дзяцей.

А гэты гадзіннік большым быць проста не можа. Мабыць, гэта звязана з памерам вуліц, якія выглядаюць проста аўтастрадамі.

Акадэмія Навук. Крыху намёкаў на антычнасць. Здаецца, саветы проста хацелі запомніць бясконцыя вертыкальныя калоны.

У нейкі момант мяне спыніла крама.

Я хацеў купіць кавалак каўбасы. І хачу, каб мне яе парэзалі на лустачкі. Я кепска гавару па-расейску, але тут ніхто і не спрабуе мяне зразумець, моцна ўзрушаны сустрэчай з замежнікам. Яны замкнутыя ў сабе. Нават у крамах табе не глядзяць у вочы.
Так што, як клоўн, я кідаю сваю каўбасу перад касірам. Я жартую і смяюся, каб атмасфера зрабілася менш напружанай, але касірка застаецца абыякавай. Жартаваць перад ёй — тое самае, што перад турэмнымі варотамі. Маё 1 еўра ператвараецца ў 10 000 рублёў. Я мільянер! Зграбаю ўсе купюры разам. Яны вывальваюцца ў мяне з рук, і на касе зноў ніхто не смяецца. Ладна, пра беларускія грошы і эканоміку — пазней.

Люблю гэты будынак з яго начной падсветкай.

Ад усяго гэтага бетону можна проста захварэць, але адзін раз з дваццаці вам раптам бачыцца тут нейкая вытанчанасць, і вы схіляецеся перад чысцінёй і пластычнасцю.

Я далучыўся да Ж. на кватэры, і мы паехалі на метро да аднаго з яе сяброў, А. Я пазнаёміўся з кучай новых людзей, і мы выдатна прабавілі час разам. Я расказаў пра свае першыя ўражанні пра Беларусь і крыху пра Францыю. Смяюцца з гісторыі з каўбасой. Я вырашыў зрабіць пра гэта фільм. Мы гулялі ў гульню Лу-Гару, якая тут называецца «мафія». Елі салаты, гарбату. Здаровая ежа.

Тут, калі прыходзіш у госці, то заўсёды трэба здымаць абутак. Ніяк не магу да гэтага прывыкнуць. Адчуваю сябе неахайным французскім хлопцам.

Плошча Перамогі, Вечны агонь:

Па вяртанні дадому мы доўга размаўлялі з Ж., і былі моманты, калі я ледзь не плакаў.

Уражанне, нібы пераносішся ў раман «1984», і гэта нашмат мацней, чым проста чытаць кнігу. Іх існаванне ўнутры прапаганды ўзрушвае, уражвае іх адчай.
Гэта сумна, але адначасова страшна цікава.

Я ведаю, што сустрэтыя мной беларусы не рэпрэзентуюць асноўную масу насельніцтва. Яны, безумоўна, больш адкрытыя і цікавыя, але ўсё адно пакутуюць ад цяжару дыктатуры, якая ўплывае на іх свядомасць. Хто ведае, што б думаў я, калі б нарадзіўся тут, калі б тут вырас? Ці былі б у мяне тыя ж думкі? Цяжка сказаць.

Гаворачы з Ж. пра палітыку, мы часам не згаджаліся адно з адным. Праўда, калі я ўдакладніў, то выявілася, што насамрэч яна са мной цалкам згодная. Яна разумее, што сутыкненне з дыктатурай не можа не паўплываць на свядомасць.

Прапаганда выкарыстоўвае расізм, нацыяналізм, замкнёнасць, страх.
Думаю, страх — самая эфектыўная зброя.
У той час я атрымаў на тэлефон вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Францыі. Я быў вельмі расчараваны мізэрнай падтрымкай кандыдата ад «Зялёных». Раней я б вельмі расстроіўся такой вестцы, але пасля таго як ты даведаўся, як гэта адбываецца ў Беларусі, ты на многае пачынаеш глядзець у іншай перспектыве. Тут галасы фальсіфікуюць, і Лукашэнка (той-каго-нельга-называць) «пераабіраецца» 80% галасоў выбаршчыкаў, а задаволеныя гэтым зусім нямногія. І цяпер я ўжо проста рады, што ў маёй краіне можна галасаваць.

* * *

Гэта былі фоты за адзін дзень. Астатнія фоты й дзённік — тутака. На кожны дзень — па старонцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?