Беларуска-іранскі банк ЗАТ «Банк Гандлёвы Капітал» плануе ўзвядзенне буйнога офіснага комплексу ў раёне плошчы Багушэвіча. Аб’ект праектуецца паміж музычным тэатрам, старым домам з чырвонай цэглы і будынкам «Беларусбанка». Эскізы апублікавала на сваім сайце «Творчая майстэрня-7».

Як сказана ў апісанні праекта, аб’ект ўключае цэнтр банкаўскіх паслуг, офісныя памяшканні, гараж-стаянку, рэстаран. Будынак 6-16-павярховы, уяўляе сабой два аб’ёмы, злучаныя двухпавярховай «базай».

— Цяпер усё толькі на стадыі эскізнай прапрацоўкі, — сказаў Дзмітрый Мушынскі, в.а. старшыні праўлення ЗАТ «ГК Банк». — Вонкавы выгляд, паверхавасць, забяспечанасць паркоўкамі — гэтыя і іншыя моманты яшчэ будуць узгадняцца з Мінгарвыканкамам. Праект будзе сумесным з іншымі кампаніямі. Пакуль жа гэты ўчастак зямлі знаходзіцца ва ўласнасці ў трох праваўладальнікаў, сярод якіх наш банк не лічыцца.

Як плануецца, у 6-павярховым будынку размесціцца банк, а ў 16-павярховымбізнэс-цэнтр класа А. Аб’ём інвестыцый стане вядомы толькі пасля зацверджання праекта.

На супрацьлеглым баку вуліцы рыхтуецца пляцоўка для будаўніцтва 35-павярховага гатэля Perspolis (таксама на сродкі іранскага інвестара), праект якога спарадзіў дыскусію на горадабудаўнічым савеце. У прыватнасці, прэтэнзіі экспертаў датычылі афармлення фасада і паверхавасці. Праектаваны будынак банка таксама будзе дастаткова высокім. Ці дарэчны чарговы «кавалак шкла» на Нямізе?

— Няхай гэта вырашаюць прафесійныя архітэктары, — адказвае Дзмітрый Мушынскі. — Наша кампетэнцыя — грашовыя пытанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?