Не шукайце ў слове «дзіўны» негатыўнага кантэксту. Проста былы пасёлак Сокал зусім не падобны да тыповага мінскага мікрараёна. Яго не збіраюцца кропкава ўшчыльняць, на тутэйшых вуліцах дастаткова зеляніны, а ў дварах — вольнай прасторы. Жыццё ў мікрараёне ціхае і павольнае, як гарачая чэрвеньская раніца. Якая гэта сталіца? Мілая глухмень!

У траўні начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Аўраменка заявіў, што незанятыя ўчасткі пад жыллёвае будаўніцтва засталіся толькі ў Вялікім Трасцянцы і ў гэтым мікрараёне. Але многія чаргавікі, якім прапанавалі тут будавацца (у першую чаргу шматдзетныя сем’і), ад магчымасці адмаўляюцца, аддаючы перавагу таму, каб дачакацца больш выгаднага варыянту. Чым жа ім не дагадзіў Сокал?

Гарадскі пасёлак быў сфармаваны ў пачатку 1980-х. Першапачаткова тут будавалі жыллё для работнікаў аэрапорта, якія і складалі большасць насельніцтва. Закрытым авіяцыйным мястэчкам Сокал, зрэшты, так і не стаў. Пасля далучэння да Кастрычніцкага раёна Мінска колькасць «чужынцаў», якія не мелі ніякага дачынення да авіяцыі, пачала ўзрастаць. Цяпер у былым пасёлку жыве каля 5 тысяч чалавек, а ў перспектыве колькасць павінна павялічыцца ў шэсць разоў.

З цывілізацыяй мікрараён звязвае аўтобус 112-га маршруту. Ад станцыі метро «Магілёўская» ехаць сюды каля 20 кіламетраў. Адлегласць зусім не фатальная, Сокал мы б назвалі гатовым сталічным «спадарожнікам», які адпавядае практычна ўсім патрабаваным параметрам. А менавіта — больш-менш развітая інфраструктура, нядрэнныя транспартныя камунікацыі, упарадкаванасць забудовы. Не хапае працоўных месцаў, вытворчасці, але ў планах уладаў камунальная зона фігуруе.

Цікава, чаму тады стаўку зрабілі на Смалявічы і Заслаўе, калі ідэальны «спадарожнікавы» варыянт пад самым носам? На гэтае пытанне не могуць даць адказ і самі генератары ідэй з Мінгарвыканкама.

Тэрыторыя былога пасёлка невялікая, цэнтр кампактны, ускраіны — у зоне пешаходнай даступнасці. Ёсць дзве галоўныя архітэктурныя «дамінанты»: царква і высачэзная камунальная «вежа».

Забудова змяшаная. «Панэлькі» тыпавыя, катэджы дагледжаныя і, за рэдкім выключэннем, без прэтэнзій на сталічны шык.

Авіяцыйная сімволіка прысутнічае ў назвах вуліц і памятных дошках на дамах.

З прычыны, што Сокал — гэта Мінск, цэны на нерухомасць тут адпаведныя. На спецыялізаваных сайтах мы знайшлі прапановы аб продажы катэджаў і за 150, і за 300 тысяч даляраў. Апошняя ўключае ўчастак 11 сотак, убудаваны гараж, пладаносны сад, хлеў. Ёсць варыянты і даражэйшыя — паўмільёна у.а. за дом.

Кватэр на продаж выстаўлена няшмат, кошты адрозніваюцца. Пакой у «двушцы», да прыкладу, прадаюць за 16 тысяч даляраў, 2-пакаёвую кватэру (60 метраў у новабудоўлі) спрабуюць збыць амаль за 56 тысяч, трохпакаёўка ў пяціпавярхоўцы метражом 70 «квадратаў» ацэненая ў 68 тысяч. Хтосьці скажа — цалкам адэкватныя прапановы. А хтосьці пакруціць пальцам ля скроні.

— Актыўнае будаўніцтва ў гэтым мікрараёне будзе працягвацца. У 2010 годзе УКБ нашага раёна пабудаваў, увёў і засяліў 4 жылыя дамы — гэта каля 36 тысяч кв.м жылля. Максімальна да 2030 года ў мікрараёне Сокал будзе пражываць каля 30 тысяч чалавек, — сказаў нядаўна кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Анатоль Жукоўскі.

Раён новабудоўляў:

Мы зайшлі ў адзін з дамоў, магілёўскія ліфты ўпарта адмаўляліся везці нас на апошні паверх. А пасля «тавар алімпійскай якасці» зусім перастаў рэагаваць на націсканне кнопак. Можа, разумная машына прызнала няпрошаных гасцей?

Жыллё тут, зрэшты, будуць будаваць і далей. А як з інфраструктурай, якая і палохае чаргавікоў? Слова Жукоўскаму.

— Цяпер у Сокале адстае будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай сферы. Ужо пабудаваныя два гандлёвыя аб’екты, займаемся рэканструкцыяй дзіцячай дашкольнай установы. Плануецца, што цягам найбліжэйшых 5 гадоў запрацуе яшчэ адна школа, два дзіцячыя садкі, бо ў гэты мікрараён у асноўным засяляюцца маладыя сем’і з дзецьмі, — рапартуе кіраўнік адміністрацыі.

Эх, чаго толькі не збіраліся пабудаваць у Сокале! З вуснаў розных чыноўнікаў ліліся салодкія абяцанні. Мікрараён планавалі ўзбагаціць спартыўна-аздараўленчым комплексам для моладзі, сфармаваць тут тры галоўныя плошчы, у тым ліку гандлёвую. Хіба толькі аквапарк і лядовы палац тутэйшым жыхарам пакуль абяцаны не быў…

Вось і Мікалай Ладуцька, кажучы пра планы ў дачыненні да Сокала, заявіў, што мікрараён будзе «інтэнсіўна» развівацца. Сюды запусцяць маршруткі, пабудуюць за 40 млрд паліклініку. Дзе ўзяць грошы? Мінскі кіраўнік, будучы яшчэ на пасадзе в.а., прапанаваў такі варыянт — прадаваць участкі пад індывідуальную забудову.

— Мы гэтыя пляцоўкі, каб мець сродкі на развіццё інфраструктуры, выставім на аўкцыён, — марыў Ладуцька. — Я думаю, што ў гэтым месцы яны будуць запатрабаваныя. Вядома, там будуць не такія цэны, як на пляцоўкі ў Мінску, але ўсё роўна гэта будуць грошы, сродкі, якія мы ўкладзем у развіццё інфраструктуры гэтай тэрыторыі.

Што выканана, а што не? Пагуляўшы па Сокале, мы пагаварылі з мясцовымі жыхарамі. Маладыя прадказальна наракалі на адсутнасць забаўляльнай інфраструктуры, бо ў мікрараёне няма нават звычайнай кавярні, а вечарам толькі і застаецца піць піва на лавачках ці ехаць у Мінск.

Пажылыя, наадварот, радаваліся, што сталічная культура пакуль не зрабіла на Сокал разбуральнага ўздзеяння. У былым пасёлку, як і 30 гадоў таму, цішыня і спакой. Тут верхавенствуюць не машыны, а людзі, тут можна хадзіць у тапках у краму і сушыць бялізну на вяроўках каля пад’езда. Галоўнае — тут пакуль яшчэ можна жыць сабе на радасць, што ў Мінску ўжо праблема. «Нізашто не прамяняю кватэру ў Сокале на такую ж у Каменнай Горцы, — сказаў нам адзін з пенсіянераў, які адпачываў на лавачцы каля пад’езда. — Нават калі мне за гэта даплацяць».

Можаце смяяцца, але мы пранікліся гэтымі словамі. Сокал падаўся нам цалкам самадастатковым жылым раёнам, са сваёй «душой», калі можна так сказаць.

— Адкрылі б забаўляльны цэнтр, з боўлінгам, напрыклад, — вярнула нас да рэалій жыцця маладая матуля, папрасіўшы пры гэтым цыгарэтку. — Пакуль тут чысценька і спакойна, але ад нуды можна звар’яцець!

Пра перспектыву такіх ініцыятываў мы пацікавіліся ў раённым аддзеле архітэктуры. Чакалі пачуць чарговае «вось-вось», але галоўны архітэктар раёна Алена Сухадолава была шчырая.

— Участак на 20 сотак пад будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу выстаўлялі на аўкцыён некалькі разоў, — паведаміла яна. — Але ён не запатрабаваны інвестарамі. Людзі скардзяцца на інфраструктуру? Ды ўсё ў іх нармальна! Нармальныя крамы, усяго хапае. Ёсць кавярня, з нагоды таго, што яна не задавальняе жыхароў, зваротаў не было. Можа быць, няма дзіцячых садкоў і школ, але мы плануем развіваць там індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва, таму і садкі, і школы найбліжэйшым часам пабудуем.

Алена Сухадолава заявіла нам, што на развіццё Сокала горад робіць стаўку.

— Я згодная, што гэта практычна гатовы мікрараён-«спадарожнік». Сокал будзе развівацца. Дэталёвым планам там прадугледжаная вялікая камунальная зона, каб людзі маглі працаваць, не выязджаючы ў Мінск. Плануем развіваць няшкодныя вытворчасці. Плюс працягнецца вуліца Ваўпшасава, да цэнтра можна будзе даехаць вельмі хутка. Засталося знайсці трошачкі грошай…

Ці варта верыць спадарыні архітэктару? Вось ужо пра што не хочацца гаварыць. Яшчэ ў 2008-м сайт Мінгарвыканкама вяшчаў, што побач з Сокалам пачынаецца будаўніцтва новага авіярамонтнага завода, які інвестар пачаў выносіць з тэрыторыі «Мінск-Сіці». Мікрараёну і тады абяцалі бурнае і «інтэнсіўнае» развіццё. Што з гэтага выйшла, усім выдатна вядома. «Песня аб Сокале» — адна з любімых мінскіх песняў.

З’язджаючы з мікрараёна, мы былі гатовыя зразумець, чаму мінскія чаргавікі пакуль не рвуцца абзаводзіцца тут жыллём. Верыць абяцанням яны не хочуць, патрыярхальны спакой Сокала іх не задавальняе. Дакараць людзей за гэта, мабыць, не варта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?