Рэгістрацыя нерухомай маёмасці ў Беларусі паскораная да двух рабочых дзён. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці Беларусі, каментуючы пастанову Савета Міністраў ад 31 мая 2012 года нумар 514.

Дакумент уносіць змяненні і дапаўненні ў пастанову ўрада ад 17 лютага 2012 года нумар 156. Ён распрацаваны ў мэтах далейшага ўдасканалення заканадаўства ў галіне дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці.

Асноўныя змяненні звязаныя з устанаўленнем магчымасці ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і ўгодаў з ёю ў паскораным парадку — на працягу двух рабочых дзён з моманту падачы юрыдычнай, фізічнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам заявы i неабходных дакументаў. Пры гэтым прадугледжана спагнанне дадатковай платы ў памеры 1,5 базавай велічыні (цяпер адна базавая велічыня складае Br100 тыс.). Раней тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры па нерухомай маёмасці дасягаў сямі рабочых дзён. Захавалася гэтая норма і цяпер. Але пры ўмове аплаты ў памеры 1,5 базавай велічыні рэгістрацыйныя дзеянні можна ажыццявіць у паскораным парадку, адзначылі ў Дзяржкаммаёмасці.

Таксама пастановай нумар 514 зніжаны памер платы, што спаганяецца за дзяржаўную рэгістрацыю ў дачыненні да прадпрыемства як маёмаснага комплексу, з 29 да 22,5 базавай велічыні.

Акрамя таго, карэктуецца пералік дакументаў, што падаюцца для дзяржаўнай рэгістрацыі. Так, для дзяржаўнай рэгістрацыі стварэння або змянення незавершанага закансерваванага капiтальнага будынка выключаецца неабходнасць падавання акта прыёмкі заказчыкам ад падрадчыка аб’екта незавершанага будаўніцтва. Удакладненыя некаторыя моманты рэгістрацыі спынення існавання аб’екта (капiтальнага будынка, незавершанага закансерваванага капiтальнага збудавання, iзаляванага памяшкання, машына-месца) у выніку іх знішчэння або зносу. Пры зносе аб’екта, што знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці, рашэнне аб яго знішчэнні (зносе) прымаецца дзяржаўным органам, iншай дзяржарганізацыяй, падпарадкаванай кіраўніку Беларусі або ўраду, за якімі нерухомая маёмасць замацаваная на праве аператыўнага кіравання або гаспадарчага ведання. Або гэтае рашэнне можа быць прынятае органам, які перадаў яе ў бязвыплатнае карыстанне недзяржаўнай юрыдычнай асобе або дзяржаўна-грамадскаму аб’яднанню. Таксама рашэнне можа быць прынятае рэспубліканскай юрыдычнай асобай, за якой маёмасць замацаваная на праве гаспадарчага ведання або аператыўнага кіравання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?