Жыхары вёскі Стараград Кармянскага раёна Гомельскай вобласці накіравалі Аляксандру Лукашэнку калектыўны зварот з просьбай «разабрацца з цэнамі» і вярнуць на паліцы «сацыяльныя» хлеб і малако.

Як паведаміў ініцыятар збору подпісаў Аляксей Паўлоўскі, вяскоўцы абураныя, што малако тлустасцю 2,6% рэалізуецца па 4,8 тысячы рублёў, хаця тыдзень таму ў продажы можна было знайсці такое ж малако па 2,3 тысячы.

«У жыхароў вёскі няма выбару. Ёсць толькі малако па 4,8 тысячы і хлеб аднаго наймення, амаль па 5 тысяч рублёў за бохан. Дарэчы, асартымент спіртнога ў вясковым магазіне — шырокі. Ёсць танны алкаголь усіх відаў, ёсць і даражэйшы. А што да прадуктаў — выбару няма. Парушаюцца правы спажыўцоў. Людзі просяць прадаўцоў задаволіць іх заяўкі і прывезці цукар нефасаваны, але іх патрабаванні ігнаруюцца, і цукар у продажы толькі фасаваны, які, вядома, даражэйшы», — расказаў Паўлоўскі.

Ліст Лукашэнку падпісалі дзесяць чалавек. Як растлумачыў Паўлоўскі, многія вяскоўцы іх падтрымліваюць, але баяцца ставіць свае подпісы пад калектыўным зваротам з-за магчымых праблем з мясцовымі ўладамі.

Паводле даных Белстата, самыя нізкія зарплаты ў Беларусі — менавіта ў Кармянскім раёне. У студзені-сакавіку сярэдняя зарплата тут складала 1,985 млн. рублёў.

Паводле слоў Паўлоўскага, у мясцовай сельскай гаспадарцы механізатары за пасяўную кампанію атрымалі зарплату ў межах 1 млн. рублёў.

У сельсавеце паведамілі, што са скаргамі на кошт малака жыхары Стараграда не звярталіся. Паводле даных сельсавета, у гэтай вёсцы пражываюць 272 чалавекі, мясцовыя жыхары трымаюць 45 кароў. Трымаць карову выгадна, сцвярджаюць у сельсавеце: некаторыя стараградцы трымаюць па тры каровы і за 10 дзён атрымліваюць за здадзенае малако 1,5 млн. рублёў. Малако ў насельніцтва Рагачоўскі малочны завод прымае па 2 тыс. 550 рублёў за літр. Раней, кажуць у сельсавеце, кароў у Стараградзе было значна больш, але цяпер моладзь трымаць жывёлу не жадае, пажылыя — не могуць, астатнія — злоўжываюць спіртным.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?