Усе запісы і адзнакі ў пашпарце робяцца выключна на рускай мове!» — маўляў, адпаведнай пастановай МУС забаронена рабіць запісы на беларускай мове ў рускамоўныя штампы. А беларускамоўных штампаў у іх няма. Такі адказ атрымала жыхарка Мінска Зоя ад супрацоўнікаў аднаго са сталічных аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі ў адказ на просьбу запісаць у новы пашпарт дадзеныя дзіцяці, прапіскі ды шлюбу па-беларуску.

Тое, што зараз адзіным цалкам беларускамоўным штампам у пашпарце можа быць «У выездзе адмоўлена», пацвярджаюць і ў адным з аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі.

Прызнаюць — раней у рускі штамп без праблем рабілі запісы па-беларуску. Але зараз на «рускім полі» будуць выключна рускія запісы.

Супрацоўнік аддзела: «Усе запісы будуць на рускай мове. Таму што ў нас штампы па-руску. Гэта было раней, але памянялася пастанова — усе запісы ў пашпартах рабіць па-руску. А раней было і па-беларуску, і па-руску».

Больш за тое, суразмоўца ўдакладняе, што МУС ад пачатку не прадугледжваў наяўнасць у пашпартных сталах неабходных штампаў у двух варыянтах: па-беларуску і па-руску.

Супрацоўнік аддзела: «Яны (штампы па-беларуску) не прадугледжаныя пастановай МУС. МУС займаецца пытаннямі вырабу пашпарта, МУС стварае свае ведамасныя нарматыўна-прававыя акты, якімі мы кіруемся, і МУС замаўляў усе штампы: аб шлюбе, аб рэгістрацыі (прапісцы), аб дзецях — усе на рускай мове».

Тое, што цяпер усе запісы і пазнакі ў пашпарце будуць рабіцца выключна па-руску, пацвярджаюць і ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі са спасылкай на пастанову № 200 ад 28.06.2010 года МУС РБ.

Але ад далейшых каментарыяў супрацоўнікі Дэпартамента адмаўляюцца. Толькі здзіўлена пытаюцца: «Як вы сабе ўяўляеце запіс па-беларуску на рускім полі?»

Старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч прызнае, пра моўныя праблемы з запісамі ў пашпарт чуе ўпершыню. Як і пра ўзгаданую пастанову МУС. Але сам факт адсутнасці неабходных штампаў у беларускім варыянце лічыць недарэчным.

Уладзімір Здановіч: «З пункту гледжання дзяржаўнага чалавека я лічу, што калі ў нас існуе двухмоўе, то патрэбна, каб гэтыя штампы рабіліся на двух мовах — беларускай і рускай. Тады не будзе ніякіх спрэчак».

Наколькі ўзгаданая пастанова МУС супярэчыць Закону «Аб мовах», дэпутат адказаць не здолеў. Маўляў, у законе напісана: «беларуская і/альбо руская мова». А гэта дае магчымасць выбару.

З дэпутатам не згодны старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

«Так, закон такі ёсць, але гэта азначае, што яны могуць штамп зрабіць па-руску, але абавязаныя запісаць там па-беларуску, калі вы гэтага хочаце».

Цікава, што ў пастанове, на якую спасылаюцца пашпартысты, напісана: «Запісы і пазнакі ў пашпарце робяцца на беларускай альбо рускай мове фіялетавымі альбо чорнымі чарніламі (пастай)».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?