Рэдактар газеты «Глос з-над Немна» Гражына Шалкевіч прыгаворана да штрафу ў 50 базавых велічыняў (5 млн. рублёў), пенсіянерка Станіслава Цівунчык — у 20 базавых велічыняў (2 млн. рублёў). Такое рашэнне 6 чэрвеня прыняў суд Ленінскага раёна Гродна, паведаміўстаршыня галоўнага савета нефармальнага Саюза палякаў на Беларусі Андрэй Пачобут.

Абедзве жанчыны прызнаны вінаватымі ў правапарушэнні, прадугледжаным артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання).

Паводле слоў Пачобута, распачаты працэс над грамадскім актывістам Эдуардам Дмухоўскім паводле аналагічнага абвінавачання перанесены на 7 чэрвеня, бо суддзя запатрабаваў з міліцыі відэаматэрыялы пікета.

«У судзе Ленінскага раёна зараз праходзяць пяць працэсаў за несанкцыянаваны пікет. Суддзі нават не сталі рабіць перапынак на абед з 13.00 да 14.00», — зазначыў Пачобут.

***

Нагадаем, 1 чэрвеня ў Гродне падчас несанкцыянаванага пікета ў абарону польскай школы каля будынка аблвыканкама былі затрыманы прыкладна 20 чалавек, у тым ліку некалькі журналістаў. Падставай для правядзення пікета стала занепакоенасць планамі стварэння рускамоўных класаў у гродзенскай школе № 36 з польскай мовай навучання.

Прыкладна два тыдні таму пасольства Польшчы ў Мінску накіравала беларускім уладам адпаведную ноту, у якой нагадала пра падпісанае з беларускімі партнёрамі пагадненне, якое гарантуе, што школа № 36 у Гродне павінна заставацца польскамоўнай, бо яе будаўніцтва поўнасцю фінансавалася польскімі ўладамі. Супраць увядзення ў гэтай школе рускамоўных класаў таксама выступаюць многія бацькі вучняў. Яны падпісалі петыцыю, у якой выказана заклапочанасць тым, што беларускія ўлады імкнуцца такім чынам выцесніць польскамоўнае навучанне.

Начальнік аддзела адукацыі Ленінскага раёна Гродна Сяргей Ламека заявіў, што ніхто не разглядае пытанне аб змене статусу сярэдняй школы № 36 Гродна з польскай мовай навучання. Абмяркоўваецца пытанне пра магчымасць размяшчэння на базе гэтай установы навучання двух класаў суседняй школы, якая працуе ў рэжыме перагрузкі. Ламека падкрэсліў, што гаворка ідзе менавіта пра арэнду двух навучальных памяшканняў у школе № 36.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?