Затрыманых 1 чэрвеня ў мінскім парку Горкага тэлежурналістак Вольгу Чайчыц і Таццяну Белашову пратрымалі ў міліцыі прыкладна тры гадзіны.
Журналісткі, нагадаем, былі затрыманы падчас падрыхтоўкі рэпартажу, прысвечанага Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Як расказала Вольга Чайчыц, да іх падышоў супрацоўнік міліцыі і пацікавіўся пасведчаннямі, потым пагаварыў з кімсьці па рацыі і папрасіў дзяўчат прайсці з ім.
У аддзяленні міліцыі ў журналістак узялі тлумачэнні.
Затым з’явіўся супрацоўнік КДБ, які пажадаў пагаварыць з кожнай з дзяўчат. На просьбу Чайчыц назвацца ён не адрэагаваў,ад чаго Вольга адмовілася з ім размаўляць. Прыкладна гэтак жа, паводле яе слоў, павяла сябе і Таццяна Белашова. У выніку дзяўчат адпусцілі з міліцыі.
Варта адзначыць, што ў канцы сакавіка Чайчыц атрымала пісьмовае папярэджанне пракуратуры Мінска пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства. Папярэджанне было вынесена за супрацоўніцтва журналісткі з польскім тэлеканалам «Белсат», які вяшчае на Беларусь. Вольгу папярэдзілі пра незаконнасць працы на замежныя СМІ, якія не маюць афіцыйнай акрэдытацыі ў Беларусі.
Тэлеканал Белсат неаднаразова спрабаваў атрымаць акрэдытацыю ў МЗС Беларусі, але штораз атрымліваў адмову.





