Двухгадзінныя зносіны праходзілі праз двайное шкло па тэлефоне, паведаміла БелаПАН жонка палітыка Марына Адамовіч. Паводле яе слоў, Статкевіч «выглядае нармальна». «Ён абсалютна не змяніўся псіхалагічна. Як заўсёды бадзёры, нават, напэўна, стаў шырэйшы ў плячах, бо шмат займаецца спортам. Вывучае англійскую мову», — расказала Адамовіч.

Яна таксама паведаміла, што ў сярэдзіне ліпеня можа быць перагледжаны рэжым утрымання Статкевіча са строгага на звычайны. «Аднак з пачатку мая да яго зноў сталі чапляцца, вынеслі папярэджанне. Таму ўзнікаюць сумненні ў станоўчым выніку», — адзначыла жонка палітыка.

Адамовіч таксама расказала, што адрывачна ўдалося пагаварыць і аб палітычнай сітуацыі. «Яго пазіцыя не змянілася, яна засталася такой жа, якой была ў прысланых раней лістах. Паводле слоў Мікалая, апазіцыя блытае байкот выбараў з няўдзелам у іх. Байкот можа адбыцца толькі тады, калі будзе прызнана, што выбары не адбыліся. У сённяшняй беларускай сітуацыі гэта немагчыма. Таму ўвесь час трэба ставіць улады перад выбарам: пачынаць мяняцца ці працягваць брутальныя дзеянні, што азначае памяншэнне так неабходных ім эканамічных уліванняў», — сказала жонка Статкевіча.

Паводле яе слоў, Статкевіч раіў не баяцца «фракцыі генерала Зайцава» (старшыні КДБ. — БелаПАН.), бо яна хутка сябе дыскрэдытуе. «Таксама ён прасіў перадаць сваім сябрам, калегам, знаёмым, што ўхіляцца ад барацьбы нельга. Калі ж па нейкіх прычынах актыўна змагацца не атрымліваецца, то трэба хаця б не перашкаджаць дзейнічаць іншым», — сказала Адамовіч.

Статкевіч параіў жонцы быць гатовай да любога развіцця сітуацыі. «Ён лічыць, што спадзявацца на амністыю — дурасць і пастка», — падкрэсліла Адамовіч.

Яна таксама паведаміла, што лісты да Статкевіча, як правіла, не даходзяць, а калі яны былі адпраўлены заказным спосабам, то іх прыносяць пустымі.

Нагадаем, у маі 2011 года суд прызнаў Мікалая Статкевіча вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак 15 студзеня 2012 года быў пераведзены ў магілёўскую турму № 4. Прычынай стала афіцыйнае прадстаўленне адміністрацыі калоніі, згодна з якім асуджаны палітык «не стаў на шлях выпраўлення», «да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца» і пасля адбыцця пакарання мае намер «весці злачынны лад жыцця». Паводле слоў жонкі палітыка, фармальнай падставай для абвінавачання стала тое, што на адзенні не было біркі з нумарам зняволенага, ён таксама не ўказаў у спісе асабістых рэчаў наяўнасць насавых хустачак.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?