Грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы» ініцыюе выбар шасці цудаў прыроды Беларусі. Аб гэтым заявіла старшыня праўлення грамадскага аб’яднання Валерыя Кліцунова 1 чэрвеня ў ходзе творчай лабараторыі зялёнага турызму ў Мінску.

Паводле яе слоў, у абранні шасці цудаў прыроды Беларусі будуць удзельнічаць прадстаўнікі розных сфер, уцягнутых у зялёны турызм, — гаспадары сядзіб, каардынатары зялёных маршрутаў, прадстаўнікі міністэрстваў і мясцовых уладаў, прыродаахоўных тэрыторый і лясніцтваў. У ходзе творчай лабараторыі зялёнага турызму яны запоўняць анкету, у якой выкажуць сваё меркаванне аб найлепшых цудах прыроды.

Спіс прапанаваных арганізатарамі цудаў прыроды ўключае
Белавежскую пушчу, Налібоцкую пушчу, Прыпяцкае Палессе, Бярэзінскі запаведнік, возера Нарач, Блакітныя азёры, Браслаўскія азёры, рэкі Прыпяць і Нёман, пойменныя дубравы, беларускія балоты, зубра, бусла, вяртлявую чарацянку, бабра, арлана-белахвоста, дары лесу (грыбы і ягады), камароў («беларускую акупунктуру»). Ахвотныя таксама могуць прапанаваць свае прыродныя аб’екты. Па выніках творчай лабараторыі зялёнага турызму арганізатары аб’явяць найбольш папулярныя аб’екты Беларусі.

Як адзначыла Кліцунова, ідэя выбраць шэсць цудаў прыроды Беларусі ўзнікла па аналогіі з конкурсам «Шэсць цудаў рэгіёну Балтыйскага мора», які праводзіцца ў рамках праекта Аgora 2.0 «Турызм спадчыны як сродак павышэння пазнавальнасці рэгіёну Балтыйскага мора». Ён падтрыманы Праграмай рэгіёну Балтыйскага мора на 2007–2013 гады і рэалізуецца ў Беларусі ГА «Адпачынак у вёсцы». У праекце ўдзельнічаюць Беларусь, Германія, Эстонія, Фінляндыя, Латвія, Літва, Польшча, Расія, Швецыя, Данія.

У конкурсе «Шэсць цудаў рэгіёну Балтыйскага мора», які праходзіць сёлета, прадстаўлены найбольш вядомыя славутасці. Іх спіс размешчаны на сайце конкурсу, вядзецца электроннае галасаванне. Для ўдзелу ў фінале адабраны 33 славутасці, у тым ліку беларускія балоты і Белавежская пушча (Беларусь/Польшча). Вынікі конкурсу будуць падведзены ў лістападзе. «Нават калі беларускія славутасці не ўвойдуць у лік пераможцаў, у працэсе галасавання з імі пазнаёміцца вялікая колькасць еўрапейцаў», — адзначыла Кліцунова.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?