Адно з новаўвядзенняў, інфармацыю пра якое распаўсюдзілі СМІ, выклікала ў інтэрнэце лёгкую паніку. Як паведамлялася, у адпаведнасці з дакументам, будзе магчымае высяленне ўласніка, калі ён тры і больш разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці і парушаў грамадскі правапарадак. «Няўжо пазбавіцца жылля цяпер можна, тры разы перайшоўшы вуліцу ў неналежным месцы?» — здзіўляюцца наведнікі форумаў. Пра што ж насамрэч ідзе гаворка?

— Парушэнні датычаць толькі правілаў пражывання ў жылым памяшканні, — патлумачыла старшыня камісіі палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлі і прыватызацыі Галіна Палянская. — Жыллёвы кодэкс рэгулюе жыллёвыя адносіны. Таму, калі вы тры разы перайшлі вуліцу ў неналежным месцы, ніхто з кватэры вас выселіць не зможа.

— Пра якія парушэнні тады ідзе гаворка?

— Кожны чалавек жыве ў соцыуме і павінен выконваць пэўныя правілы. Вось вам прыклад. Я жыву ў хрушчоўцы, а ў суседа знізу (на шчасце, ён ужо пераехаў) два разы гарэла кватэра. Калі б я не прыехала своечасова, што б здарылася? Або іншая сітуацыя. Выбаршчыкі часта скардзяцца нам на суседзяў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, збіраюць на сметніку рэчы, складуюць іх у сябе ў кватэры, а адтуль пасля па ўсім доме разбегаюцца прусакі. Хіба гэта нармальна?

— У такім выпадку і гучная музыка ноччу можа паслужыць прычынай высялення?

— Паверце, ніхто злоўжываць гэтай нормай не збіраецца. Ды і выселіць уласніка няпроста. Дапусцім, чалавек тры і больш разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці або 6 месяцаў не плаціць за кватэру. Механізм выглядае так: выканаўчая ўлада папярэджвае грамадзяніна ў пісьмовай форме. Цягам месяца ён павінен адрэагаваць. Калі гэтага не адбываецца, выканаўчыя органы падаюць у суд на адчужэнне кватэры. Далей чалавеку даецца шанец: за год ён павінен пагасіць пазычанасць альбо выправіцца. І толькі па сканчэнні 12 месяцаў, калі не адбудзецца станоўчых змен, можна весці гаворку аб прымусовым продажы жылля. Зноў жа, на вуліцу грамадзяніна ніхто выкідваць не будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?