Камісія праводзіла сьледзтва ў справе таямнічай сьмерці ў Беларусі афіцэра літоўскага Аддзелу дзяржаўнай бясьпекі. З апублікаваных камісіяй матэрыялаў вынікае, што справа мае нашмат большыя маштабы і датычыць перадусім расейскіх уплываў у літоўскай палітыцы.

Паводле дэпутатаў, зьвязаная з «Газпромам» літоўская кампанія «Dujotekana» спрабуе кантраляваць адміністрацыю Літвы і ейныя спэцслужбы. Высокі рангам афіцэр Аддзелу дзяржаўнай бясьпекі сказаў камісіі, што махлярства «Dujotekana» мае для бясьпекі Літвы яшчэ большае значэньне, чым справа зьнятага ў 2004 г. з пасады прэзыдэнта Раландаса Паксаса, які абвінавачваўся ў тым, што грамадзіў вакол сябе людзей, зьвязаных з расейскімі спэцслужбамі.

Паводле афіцэраў контравыведкі, якія давалі паказаньні перад камісіяй, кампанію «Dujotekana», што займаецца дыстрыбуцыяй расейскага газу ў Літве, «Газпром» заснаваў дзеля таго, каб падкупляць мясцовых палітыкаў і чыноўнікаў.

Афіцэры сьцьвярджаюць, што «Dujotekana» выконвае загады Ўладзімера Якуніна, былога афіцэра разьведкі савецкага КГБ, а сёньня блізкага супрацоўніка прэзыдэнта Пуціна.

Галоўным саюзьнікам «Dujotekana», альбо — як сьцьвярджаюць літоўскія мэдыі — галоўным агентам расейскага ўплыву ў Літве меўся быць віцэміністар замежных справаў Альбінас Янушка. Чалавек, якога лічаць шэрай эмінэнцыяй літоўскага МЗС.

З паказаньняў іншых афіцэраў контрразьведкі вынікае, што Янушка дзякуючы ўплывам у цяперашняга прэзыдэнта Валдаса Адамкуса ўкамплектаваў сваімі людзьмі канцылярыю прэзыдэнта, а таксама кіраўніцтва Аддзелу дзяржаўнай бясьпекі. Адзін з афіцэраў прызнаўся, што ягонае сьледзтва ў справе «Dujotekana» было зачыненае паводле загаду кіраўніцтва таемнай паліцыі.

У апублікаваных матэрыялах камісіі ёсьць таксама паказаньні афіцэраў, якія сьцьвярджаюць, што «Dujotekana» спрабавала не дапусьціць продаж нафтаперагоннага заводу ў Мажэйках польскаму канцэрну «Orlen».

Прозьвішча Альбінаса Янушкі прысутнічае амаль ува ўсіх дакладах контравыведкі пра продаж Мажэек. Паводле афіцэраў Аддзелу дзяржаўнай бясьпекі, Янушка хацеў, каб завод купіла фірма з Казахстану. На чале літоўска‑казаскага канцэрну мусіў апынуцца цяперашні літоўскі віцэміністар гаспадаркі, які таксама належыць да людзей Янушкі.

Камісія Сойму ўжо даўно патрабавала ад прэзыдэнта Адамкуса звольніць з пасады кіраўніка Аддзелу дзяржаўнай бясьпекі Альвідаса Паціўса. За ягонае адкліканьне таксама мусіў галасаваць парлямэнт, але ў апошнюю хвіліну ад галасаваньня «за» адхілілася большасьць дэпутатаў з партыі цэнтрыстаў і левых.

Паціўс застаўся на пасадзе, аднак адпомсьціў тым, што выявіў дакумэнты, якія павінны былі сьведчыць пра ранейшае супрацоўніцтва кіраўніка камісіі Сойму ў справах бясьпекі з КГБ. Апошняя публікацыя дакумэнтаў сьледзтва ёсьць акурат адказам на гэты крок Паціўса.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?