Міністр спорту і турызму Алег Качан у размове з журналістамі назваў няўдалым вынікам 14-е месца хакейнай зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету, аддаў на водкуп спецыялістам ацэнку работы трэнерскага штаба нацыянальнай каманды Кары Хэйкілі і заявіў аб непазбежнасці скарачэння колькасці легіянераў у мінскім «Дынама».

«30 мая адбудзецца пашыранае пасяджэнне выканкама Федэрацыі хакея Беларусі, на якім будуць дадзеныя ацэнкі выступлення нашай каманды.

Што датычыцца асабіста майго меркавання, то вынік, вядома, няўдалы.
Што рабіць з трэнерскім штабам? Па гэтым пытанні ў СМІ ўжо выказваліся і самі спартсмены, і спецыялісты. Я не знаходзіўся ўнутры трэнерскага штаба, таму магу меркаваць аб яго рабоце толькі па выніку. Наконт таго, ці было штосьці прагрэсіўнае прыўнесена новым трэнерам Кары Хейкіля, гэта трэба размаўляць са спецыялістамі і непасрэдна хакеістамі, якія працавалі пад кіраваннем розных трэнераў — як нашых, так і замежных. Яны, напэўна, дадуць больш рэальную ацэнку», — мяркуе Алег Качан.

Год таму пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Эдуарда Занкаўца зборная Беларусі заняла на чэмпіянаце свету 14-е месца. Такога ж выніку нацыянальная дружына дасягнула і цяпер, але пад кіраўніцтвам ужо фінскага настаўніка. Алег Качан пракаменціраваў эфект ад перастаноўкі на капітанскай пасадзе: «Трэба адзначыць, што і ў гэтым годзе ў штаб уваходзілі беларускія спецыялісты, напрыклад, той жа Аляксандр Андрыеўскі, які працаваў і ў камандзе Занкаўца. А наогул прымаўку аб тым, што выйграюць хакеісты, а прайграе трэнер, ніхто не адмяняў.

Калі сума не змяняецца, значыць, у складаемых хтосьці вінаваты».

Паводле слоў міністра, адмоўны ўплыў на выступленне зборнай Беларусі зрабіла і занадта вялікая колькасць легіянераў у мінскім «Дынама», хакеістамі якога напалавіну ўкамплектавана нацыянальная дружына. «Можа, і гэта паўплывала. Яшчэ напярэдадні чэмпіянату свету было прынята рашэнне аб тым, каб трэнер нацыянальнай каманды Кары Хейкіля ўзначаліў і базавы клуб зборнай. Спадзяюся, гэта дапаможа ў будучым атрымаць той вынік, якога мы чакаем сёння. Ці можна гаварыць аб тым, што цяпер „Дынама“ перагледзіць колькасць легіянераў у бок змяншэння? Лічу, у нас іншага выбару проста няма.

Каб нацыянальная зборная гуляла мацней, мы павінны рыхтаваць для яе гульцоў у турніры такога высокага ўзроўню, як КХЛ, каб хакеісты гулялі зладжана, разумелі адзін аднаго. Важна, каб падрыхтоўка вялася ў адзіным ключы.
Хоць, вядома, нашы балельшчыкі чакаюць высокага выніку не толькі ад нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце свету, але і поспехаў мінскага „Дынама“ ў КХЛ. Бо гэта адзін з самых наведвальных клубаў у Еўропе, і яго невыразная гульня можа знізіць цікавасць з боку балельшчыкаў, якія ідуць на „Мінск-Арэну“ за станоўчымі эмоцыямі», — сказаў Алег Качан.

На просьбу журналістаў удакладніць, якую колькасць легіянераў у мінскім «Дынама» Алег Качан лічыць прымальнай, міністр адказаў: «Аб гэтым ужо было сказана кіраўніком дзяржавы.

У 2012–2013 гадах мы павінны выйсці на колькасць 5–6 замежных гульцоў, не больш.
Скажаце, ужо каля 10 легіянераў маюць кантракты на маючы адбыцца сезон? Я як член наглядальнага савета мінскага „Дынама“ магу сказаць, што мы гэту тэму яшчэ не закрылі.
У бліжэйшы час пытанне будзе разгледжана, і прынята рашэнне».

Год таму ацэньваючы выступленне беларускіх хакеістаў на чэмпіянаце свету-2011, Алег Качан строга і эмацыянальна раскрытыкаваў нізкую самааддачу гульцоў. Гэтым разам міністр быў мякчэйшы ў ацэнках. «Я глядзеў усе гульні нашай каманды. Самааддача і ўзровень патрыятызму, я нават так сказаў бы, былі вышэйшыя, чым у мінулым годзе. Прынамсі, у мяне такое меркаванне склалася, асабліва па матчы супраць зборнай Фінляндыі, ды і супраць іншых моцных каманд. Так, у матчы са Славакіяй ушчэнт правалілі другі перыяд, але ж славакі ў выніку сталі фіналістамі чэмпіянату свету. Відавочным лідарам на гэтым чэмпіянаце свету была Расія, але ж Славакія выбіла з плэй-оф такога моцнага саперніка, як канадцаў, родапачынальнікаў хакея. Тым не менш, змякчальных абставін няўдалага выступлення я не бачу. Калі б трэнерскі штаб тактычна спрацаваў недзе больш прафесійна, то вынік быў бы вышэйшы. Няхай не трапілі б у першую васьмёрку, але ўвайшлі б хоць дзясятку. Гэта быў бы ўжо крок наперад» , — адзначыў міністр спорту.

Каментуючы самавольны ад’езд Андрэя Мезіна з нацыянальнай зборнай па ходу чэмпіянату свету,

Алег Качан устрымаўся ад рэзкіх ацэнак.
«Асабіста з Андрэем я пакуль не размаўляў. Ведаю, што з ім ужо гаварылі кіраўнікі „Дынама“, у бліжэйшы час з Мезіным паразмаўляе і старшыня федэрацыі хакея Яўген Варсін. Спадзяюся, пасля гэтага ўдасца высветліць, што стала прычынай яго ўчынку. Змякчальныя акалічнасці? У свой час ён шмат зрабіў для нацыянальнай зборнай, для краіны. Але пакуль я не разумею, што паслужыла падставай для ад’езду з размяшчэння зборнай у час чэмпіянату свету ў Хельсінкі».
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?