Міжнародная летняя школа беларускай мовы (МЛШБМ) пры Беларускім дзяржаўным універсітэце запрашае ад 25 чэрвеня да 7 ліпеня 2012 г. на семінар для замежных славістаў, беларусістаў і ўсіх, каго цікавіць беларуская мова, літаратура, гісторыя і культура.

Навучальныя курсы разлічаны на спецыялістаў і супрацоўнікаў навуковых і навучальных устаноў, студэнтаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў, журналістаў, іншых асоб, якія хочуць удасканальвацца ў беларусістыцы і беларусазнаўстве.

Мэта семінара — навучанне беларускай мове і паглыбленне ведаў пра беларускую мову, літаратуру, гісторыю і культуру.

Семінар уключае моўныя курсы для пачатковага і сярэдняга ўзроўняў; практычны курс па лінгвістычным аналізе тэксту для вышэйшага ўзроўню; лекцыі па мовазнаўстве, літаратуразнаўстве, этналогіі, лінгвакультуралогіі; па жаданні навучэнцаў — індывідуальныя кансультацыі з аўтарытэтнымі беларускімі навукоўцамі (у заяўцы просім указаць прыкладную тэматыку кансультацый); правядзенне круглага стала сумесна з Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў (МАБ).

Заяўкі на ўдзел у семінары прымаюцца да 30 мая.
У заяўцы трэба пазначыць сваё поўнае імя, краіну, адукацыю, месца працы ці навучання, кантактную інфармацыю (хатні адрас, тэлефон, e-mail), узровень моўных курсаў; для трэцяга ўзроўню — прыкладную тэматыку індывідуальных кансультацый.
Аплата за навучанне, харчаванне, пражыванне ў студэнцкім інтэрнаце і культурную праграму — за кошт прымаючага боку. Праезд — за кошт удзельнікаў семінара.

У праграму семінара ўваходзяць экскурсіі па гістарычных мясцінах Мінска і Беларусі, наведванне музеяў і іншых культурных устаноў горада і краіны, сустрэчы з дзеячамі беларускай культуры, мастацтва і навукі.

Кантактная інфармацыя: Міжнародная Летняя школа беларускай мовы. Філалагічны факультэт БДУ. вул. Маркса, 31. 220050 Мінск, Беларусь.

Т./факс: (017) 222-34-21; т.: (017) 222-31-42. E-mail: [email protected].

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна