У цэнтры Мінска працягваецца барацьба за спартыўную пляцоўку ў раёне перасячэння вуліцы Цнянскай і завулка Якуба Коласа, дзе кампанія «Тамбаз» збіраецца пабудаваць жылы комплекс з трох вышынных дамоў. На прэзентацыі праекта большасць мясцовых жыхароў выказалася супраць будаўніцтва. За некалькі тыдняў людзі сабралі 2500 подпісаў, аднак пакуль гэтага недастаткова, каб спыніць праектаванне.

— Ініцыятыўная група абышла ўсе дамы ў раёне і сабрала 2500 подпісаў «супраць», — кажа жыхарка квартала Алена Навумчык. — На падвядзенні вынікаў грамадскага абмеркавання высветлілася, што

ў забудоўшчыка ёсць 800 подпісаў за рэалізацыю праекта. Пачалі глядзець, што гэта за людзі. Выявілася, прапісаныя яны на вул. Ясеніна, Ангарскай, у Смалявічах…

Паводле словаў Алены, забудоўшчык усумніўся ў сапраўднасці подпісаў, сабраных жыхарамі, і задумаў уласную праверку, таму падвядзенне вынікаў грамадскага абмеркавання зацягнулася.

Карыстаючыся паўзай, людзі пішуць лісты ў розныя інстанцыі, звяртаюцца да дэпутата Юрыя Чачукевіча. Апошні хоць і казаў падчас прэзентацыі праекта пра выдаткі жыцця ў цэнтры горада і пераконваў залу ў тым, што «гораду трэба дзесьці будаваць дамы», усё ж прыняў бок мясцовых жыхароў і паабяцаў даслаць ліст на імя Мікалая Ладуцькі ў абарону стадыёна.

Размаўляючы з чыноўнікамі, людзі згадваюць дзяржаўны лозунг «За здаровы лад жыцця» і просяць адрамантаваць спартыўную пляцоўку (многія гатовыя скінуцца на добраўпарадкаванне). На думку мясцовых жыхароў, улады наўмысна доўгія гады не падтрымлівалі стадыён у нармальным стане, каб затым прызнаць яго аварыйным і перадаць інвестару. Абаронцы пляцоўкі перакананыя, што жылы комплекс спраектаваны са шматлікімі парушэннямі: ён закрые дамы ад сонца, павысіць узровень забруджання паветра, ператворыць раён у «каменнае гета». Свае прэтэнзіі ініцыятыўная група ўжо перадала ў Дзяржкантроль і цяпер чакае адказу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?