Міністэрства замежных спраў Беларусі разлічвае на аднаўленне супрацоўніцтва з Deutsche Bank, BNP Paribas і The Royal Bank of Scotland. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску 13 сакавіка заявіў намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў.

Каментуючы рашэнне трох еўрапейскіх банкаў спыніць супрацоўніцтва з Беларуссю, ён адзначыў, што гэта былі «аднаасобныя рашэнні пэўных банкаў, якія вырашылі апярэдзіць падзеі і ісці ў фарватары тых абмежавальных мер, якія былі ў дачыненні да Беларусі».

Паводле меркавання намесніка міністра, на рашэнне гэтых трох банкаў паўплываў той факт, што ў дачыненні да асобных прадпрыемстваў Беларусі дзейнічаюць санкцыі з боку ЗША. Банкі «вырашылі падтрымаць пазіцыю сваіх асноўных кліентаў у ЗША, але гэта іх асабістае рашэнне», падкрэсліў Гур’янаў.

Беларусь, сцвярджае ён, у выніку адмовы ад супрацоўніцтва пацярпела ў меншай ступені.
«Заўсёды ёсць выбар фінансавых структур, якія забяспечваюць нашы эканамічныя інтарэсы»,- растлумачыў намеснік міністра. Паводле яго меркавання, «у большай ступені пацярпелі самі банкі, якія пазбавіліся фінансавых патокаў з Беларусі».
Тым часам, адзначыў Гур’янаў, «мы спадзяёмся, што гэта рашэнне будзе перагледжана банкамі».

Як паведамлялася раней, у жніўні 2011 года аб спыненні супрацоўніцтва з Беларуссю заявіў The Royal Bank of Scotland, у кастрычніку аналагічнае рашэнне прынялі Deutsche Bank і BNP Paribas. Усе тры банкі разам з Ашчадбанкам РФ з’яўляюцца арганізатарамі двух выпускаў беларускіх еўрабондаў, размешчаных у сярэдзіне 2010 года і пачатку 2011 года, на агульную суму 1,8 млрд. долараў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?