Брытанская юрыдычная фірма McCue & Partners накіравала ў Міністэрства юстыцыі Італіі запыт у сувязі з інфармацыяй пра візіт у гэту краіну старшыні Камітэта дзяржбяспекі Беларусі Вадзіма Зайцава, уключанага ў спіс неўязных у ЕС. Пра гэта паведаміла Ірына Багданава, сястра зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, якая ўзначальвае грамадзянскую кампанію Free Belarus Now (Вялікабрытанія).

Нагадаем, 28 лютага прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падпісаў распараджэнне № 84р «Аб камандзіраванні В. Ю. Зайцава ў г. Рым (Італьянская Рэспубліка)». Тэрміны візіту не абвяшчаюцца. Прэс-сакратар КДБ Аляксандр Антановіч адмовіўся паведаміць БелаПАН якія-небудзь падрабязнасці, заявіўшы, што «змест мерапрыемства з’яўляецца службовымі звесткамі». У пасольстве Італіі ў Мінску заявілі, што візу гэтаму грамадзяніну яны не выдавалі.

Як зазначаецца ў запыце брытанскіх юрыстаў, Зайцаў «адказны за ўзяцце заложнікаў і катаванні членаў палітычнай апазіцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года». Юрысты цікавяцца ў італьянскага Мінюста, ці сапраўды кіраўнік беларускага КДБ знаходзіўся ў Італіі, і калі так, то чаму не быў затрыманы ў адпаведнасці з Канвенцыяй ААН супраць катаванняў.

У запыце таксама сказана: наведванне Італіі Вадзімам Зайцавым супярэчыць рашэнню Еўрасаюза, які ўключыў старшыню КДБ у спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў.

McCue & Partners дзейнічае «ад імя сем’яў ахвяраў беларускага рэжыму», зазначаецца ў дакуменце.

Кампанія Free Belarus Now пазіцыянуе сябе як «магутную сілу, якая аб’ядноўвае сем’і пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі з парламентарыямі, еўрапарламентарыямі, артыстамі, актывістамі і прадстаўнікамі грамадскасці па ўсім свеце заклікам за свабодную Беларусь».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?