Беларускі бок разлічвае, што пры прыняцці рашэння аб увядзенні эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі Еўрасаюз улічыць інтарэсы бізнесу. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур’янаў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 13 сакавіка.

«У сучасным знешнім гандлі інструмент эканамічных санкцый і абмежаванняў не з’яўляецца прымальным і прадуктыўным. Мы разлічваем, што пры прыманні рашэння аб увядзенні эканамічных санкцый ЕС будзе ўлічваць інтарэсы бізнесу», — сказаў намеснік міністра.

Беларусь, падкрэсліў ён, са шкадаваннем успрыме санкцыі эканамічнага характару з боку Еўрасаюза. «Асабліва ўлічваючы, што ЕС сам пацярпеў ад эканамічных праблем», — дадаў Гур’янаў. Паводле яго слоў, у выпадку ўвядзення санкцый панясе страты ў тым ліку бізнес краін еўразоны.

Намеснік міністра нагадаў, што паміж Беларуссю і ЕС наладжаны цесныя і прадуктыўныя гандлёвыя адносіны. У 2011 годзе тавараабарот склаў 25 млрд. долараў з пераважнай доляй беларускага экспарту. Сальда для Беларусі ў гандлі з ЕС склалася станоўчае ў 7,5 млрд. долараў, доля Еўрасаюза ў беларускім экспарце ў параўнанні з 2010 годам павялічылася з 30 да 39%.

Станоўчая дынаміка, паводле слоў Гур’янава, адзначалася ў 2011 годзе і ў сферы імпарту еўрапейскіх тавараў у Беларусь.

Апрача таго, падкрэсліў прадстаўнік МЗС, у перыяд крызісу 2009–2010 гадоў Беларусь не спыніла сваіх гандлёвых адносінаў з ЕС. Еўрапейскія прадпрыемствы, «па сутнасці, выжывалі дзякуючы кантактам з Беларуссю», сцвярджае Гур’янаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?