Некаторыя беларускія чытачы, у сьвядомасьці якіх моцна замацавалася схема «правінцыя—мэтраполія», маюць звычку параўноўваць нацыянальную літаратуру з расейскай.

Альбо з ангельскай, францускай, гішпанскай, польскай — хто якую чытае. Такія чытачы з мазахісцкім задавальненьнем (параўнаньне, вядома, будзе зроблена імі не на карысьць роднай літаратуры) параўноўваюць мастацкую праблематыку кніг, сюжэты, вобразы галоўных герояў твораў, наклады і якасьць паліграфіі… І нават саміх аўтараў — Ігара Бабкова зь Віктарам Пялевіным, Югасю Каляду з Даротай Маслоўскай* — аўтаркай раману «Польска‑руская вайна пад бела‑чырвоным сьцягам» (2002), перакладзенага на 10 моваў сьвету.

Ёсьць і іншая катэгорыя людзей з падобнымі хібамі мысьленьня (інакш гэта не назавеш): яны нічога ня ведаюць пра сучасную беларускую (украінскую, літоўскую, etc.) мастацкую літаратуру, але цьвёрда перакананыя, што яна значна саступае той жа расейскай. Да таго ж, калі такім людзям распавядаеш, у прыватнасьці, пра пераклады Сэрвантэса і Рабле, якія ты пабачыў на ўкраінскім стэндзе міжнароднай кніжнай выставы ў Менску, іх перасмыкае, бо пераклады зь «вялікіх» літаратур на ўкраінскую (як і на беларускую) у іхнім уяўленьні таксама саступаюць!

Дадзеная праблема актуальная ня толькі для Беларусі, але і для ўсіх посткаляніяльных краін. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прачытаць артыкул Марціна Левіна, літаратурнага аглядальніка «Глоб энд Мэйл» (Таронта), «Калі зьявілася сучасная канадзкая літаратура?» (Иностранная литература. 2006. № 11). У ім М.Левін піша, што да 70‑х гадоў мінулага стагодзьдзя многія ўспрымалі канадзкую літаратуру як «каляніяльны дадатак да брытанскай літаратуры». У лік гэтых «многіх» уваходзіў «пачынальнік» канадзкай паэзіі сэр Чарльз Дж.Д.Робэртс і новашатляндзкі гумарыст Томас Чандлер Галібэртан.

Як выяўляецца, праблемаў з самаацэнкай хапае і ў тых, хто па праву можа назваць расейскую, гішпанскую ці нейкую іншую, «вялікую» літаратуру роднай. Кацярына Барабаш, аглядальнік аднаго з уплывовых расейскіх выданьняў, у артыкуле «Для ўнутранага карыстаньня» (Независимая газета. 2006. 10 кастрычніка) даводзіць, што «расейская культура пасьпяхова і весела варыцца ў сваім соку, зь пенай ля роту, аднак, мусіруючы міт аб уласным усясьветным прызнаньні», і з сарказмам прапаноўвае адсьвяткаваць у 2007 г. своеасаблівы юбілей — «дваццаць гадоў нашай непрысутнасьці ў полі зроку Нобэлеўскага камітэту».

Давайце пазбаўляцца комплексаў, але не паглыбляць іх. Дзеля гэтага трэба проста чытаць мастацкія творы, свае і замежныя, і атрымліваць асалоду ад гэтага захапляльнага працэсу. Тым жа, хто ня можа не параўноўваць, варта нагадаць: у аркестры пад назвай «сусьветная літаратура» вагу і каштоўнасьць мае кожны інструмэнт.

*Дарота Маслоўская (нар. 1983) — польская пісьменьніца, аўтарка раману «Польска‑руская вайна пад бела‑чырвоным сьцягам» (2002), перакладзенага на 10 моваў сьвету.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?