Ужо ў сярэдзіне сакавіка ў тэставым рэжыме запрацуе новы тэлеканал «Беларусь-3». Ён будзе цалкам беларускамоўным. Такую заяву зрабіў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Па яго словах, у кастрычніку 2012 канал стане абавязковым для ўсіх кабельных аператараў краіны.

«Беларусь-3» плануюць зрабіць чыста культурніцкім.
«Будзе найлепшая дакументалістыка, гістарычныя фільмы, дасягненні сусветнага кінематографа, дубляваныя на беларускую мову, ток-шоу культуралагічнага плана, рэлігійныя праграмы, праграмы для дзяцей, школьнікаў», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве Белтэлерадыёкампаніі.
Значыць, усе самыя рэйтынгавыя перадачы, у тым ліку палітычныя, забаўляльныя і спартовыя, застануцца на расейскамоўных «Беларусь-1» і АНТ.
А беларусам — як і ў савецкі час, культура — для адчэпнага.
Тым не менш, нават гэта многім здаецца прагрэсам.

Яшчэ і «Беларусь-24»

«Гэта вельмі прыемная навіна — стварыць беларускамоўны культурніцкі канал, — кажа культавая тэлевядучая Зінаіда Бандарэнка. —
Асабліва пасля таго, як сапсаваўся канал «Лад» («Беларусь-2»), калі пераўтварыўся ў нейкае спартыўна-музычнае шоу. А новы канал зможа высекчы невялічкую іскрынку беларушчыны. Гледачы цяпер ставяцца да беларускай мовы па-іншаму, — кажа Зінаіда Бандарэнка. — Цяпер з’явілася разуменне і зацікаўленасць, і калі яны змогуць удзельнічаць у жыцці канала, то вынік можа быць выдатным. Але ж усё залежыць ад людзей, якія будуць кіраваць каналам.
З тых, хто застаўся ў Белатэлерадыёкампаніі, зрабіць канал якасным мог бы Уладзімір Субат».

Сапраўды, з падобнай беларускамоўна-культурніцкай мэтай ствараўся ў 2003 тэлеканал «Лад».

Плануецца, што пасля з’яўлення «Беларусь-3» канал «Беларусь-2» канчаткова стане спартова-забаўляльным, а «Беларусь-1» — універсальным, паведамляе тэлекампанія.
У перспектыве ж абавязковым стане і кругласутачны інфармацыйна-аналітычны канал «Беларусь-24».
Дарэчы, назвы каналаў Белтэлерадыёкампаніі дакладна скапіяваныя з расійскіх.

Чыю частату зойме «Беларусь-3»?

«Тэставы рэжым» з сакавіка — гэта яшчэ не вяшчанне.
Гэта толькі падрыхтоўка да арганізацыі вяшчання, тлумачаць у Белтэлерадыёкампаніі. Іншых тэхнічных падрабязнасцяў тэлевізійнікі не паведамляюць.
Пойдзе ж канал, відаць, пад канец года.

Пакідаюць пытанні і некаторыя тэхнічныя дэталі.

Для таго каб «Беларусь-3» можна было глядзець ва ўсёй краіне і ў аналагавым, і ў лічбавым фармаце, тэлеканал мусіць атрымаць пэўную частату.
Іх колькасць абмежаваная. Пакуль агульнабеларускі статус маюць «Беларусь-1», «Беларусь-2», АНТ, СТБ, «НТВ-Беларусь», «РТР-Беларусь», «Мір».
Белтэлерадыёкампанія афіцыйна абвергла выказаную на сайце nn.by версію, што «Беларусь-3» можа атрымаць частату канала «НТВ-Беларусь».
«Адмову ад трансляцыі канала «НТВ-Беларусь» Белтэлерадыёкампанія не плануе», — адзначаецца ў лісце. Такая заява, між тым, не абвяргае меркавання, што «Беларусь-3» можа накласціся на «РТР-Беларусь» ці саюзны тэлеканал «Мір».

За якія грошы?

Яшчэ адно пытанне — фінансаванне. «У Расіі доля аўдыторыі тэлеканала «Культура» складае 1,4%, рэйтынг праграм не перавышае 0,9—1%, — кажа былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі.
— Гэта значыць, што ён цалкам датуецца з дзяржбюджэту. Гаворка ідзе пра прыкладна $70—100 мільёнаў штогод. У Беларусі з бюджэтам самі ведаеце як...». Па словах Генадзя Давыдзькі, ствараць «Беларусь-3» будуць без прыцягнення бюджэтных сродкаў. За якія — Белтэлерадыёкампанія не дае адказу.
І ці ёсць сэнс марнаваць дадатковыя сродкі, чые б яны ні былі? — нібы задаецца пытаннем Зімоўскі, які зараз працуе ў Расіі.
«Тэхнічна ідэя выканальная за адзін тыдзень. Дастаткова перавесці тэлеканал «Беларусь-2» на цалкам беларускае вяшчанне», — кажа ён. У дужках таксама можам задацца пытаннем, чаму ён сам такое не зрабіў у бытнасць начальнікам тэлебачання. Відаць, яму не ставілі такой задачы.

Пытанне якасці

У ацэнках кантэнту новага канала, які ствараецца без бюджэтных датацый, Зімоўскі быў яшчэ больш рэзкі: «Хутчэй за ўсё, гледачам прапануюць панылае г...о, якое назаўжды адверне аўдыторыю ад беларускай мовы і культуры. Ну, і можаце яшчэ ўспомніць нашую прыказку пра абяцанкi-цацанкi».

Стваральнік самых папулярных і запамінальных культурных праграмаў па-беларуску, ужо былы супрацоўнік Белтэлерадыёкампаніі Алесь Матафонаў лічыць, што лагічней было б ствараць спартыўны канал. «У нас нядрэнна рэалізуюцца спартыўныя праекты, — кажа ён. — Апошнія месяцы, што я працаваў на БТ, была актыўнасць у кірунку стварэння культурніцкага канала. Як я разумею, пэўныя праекты «Лада», а таксама трансляцыі «Еўрабачання» і «Славянскага базара» будуць проста перанесеныя на новы канал.

Але галоўнае пытанне наконт «Беларусь-3» — ці там з’явяцца сапраўды вартыя культурныя праекты і новыя асобы, якія змогуць іх ажыццявіць. Наколькі прадзюсарам удасца мабілізаваць людзей. Цяпер праходзяць кастынгі для вядоўцаў, але іх трэба праводзіць увесь час, а не толькі перад запускам новага канала».

Фактар «Белсата»

Нельга сцвярджаць, што «Беларусь-3» — чыстая ініцыятыва зверху і плод палітычнай кан’юнктуры. Стварэння беларускамоўнага тэлеканала для ўсёй краіны гадамі дабівалася Таварыства беларускай мовы,
бамбардуючы лістамі Белтэлерадыёкампанію і Адміністрацыю прэзідэнта, і заклікаючы ўсіх неабыякавых грамадзянаў рабіць тое самае. Калола вочы адказным чыноўнікам і тое, што
на сёння адзіны цалкам беларускамоўны тэлеканал — незалежны «Белсат», які вяшчае з Польшчы, а ў Беларусі гадамі не атрымлівае акрэдытацыі.
«Памятайма, што некаторы час таму у дзяржаўным ТБ усё часцей пачалі з’яўляцца навіны па-беларуску, а цяпер ідзе гаворка і пра цэлы канал, — адзначае кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі. — На маю думку,
прысутнасць у медыяпрасторы цалкам беларускамоўнага «Белсата» дало падставы заварушыцца і чыноўнікам: трэба канкураваць.
Гэта пазітыўны фактар. Іншая справа, наколькі якасна гэты канал будзе зроблены, колькі ў ім будзе беларускасці. Нават калі і не атрымаецца — прынамсі, творчаму калектыву будзе карысна: падвучаць родную мову».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?