Жыхарам суседняй з Нязнанава вёскі выдалі прадпісанні.
Цалкам фотарэпартаж з Нязнанава глядзіце ТУТ.
Што насамрэч адбылася ў Нязнанаве, пакуль застаецца да канца няясным. Мы прапануем вам афіцыйную версію падзеяў на Навагрудчыне, а таксама сведчанні вяскоўцаў і непасрэдных удзельнікаў мерапрыемстваў.
Грунтуючыся на гэтых звестках, мы паспрабуем ацаніць дзеянні санэпідэмстанцыі згодна з зацверджанымі ў Беларусі правіламі і нарматыўнымі актамі.
Варта адзначыць таксама, што афіцыйная версія была агучаная толькі праз некалькі дзён, у першыя дні ўлады ніяк не каментавалі і не тлумачылі падзеі ў Нязнанаве. Гэтая версія істотна адрозніваецца ад словаў вяскоўцаў.
Вучэнні з прымяненнем эфекту нечаканасці
Згодна з афіцыйнай версіяй, «на тэрыторыі Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Гродзенскай вобласці 16—18 лютага 2012 года былі праведзены рэгіянальныя вучэнні ў рэжыме максімальна набліжанай да рэальных умоў абстаноўкі, з прымяненнем эфекту нечаканасці і адпрацоўкай ўсіх канкрэтных дзеянняў і прафілактычных мерапрыемстваў». Навагрудскія ўлады заяўляюць, што з вёскі Нязнанава забралі каля дзясятка аслабленых свіней, а масавага забойства жывёлы не было.
Што магло паслужыць прычынай для правядзення падобных мерапрыемстваў?
Такія вучэнні маглі быць праведзеныя ў рамках рэалізацыі зацверджанага летась Комплекснага плана мерапрыемстваў па папярэджанні заносу і распаўсюду афрыканскай чумы свіней на тэрыторыю Беларусі на 2011—2015 гг.
У ліпені мінулага года ў Мінску прайшоў міжнародны семінар па прафілактыцы АЧС. На ім адзначалася, што «асаблівая ўвага да папярэджання заносу і распаўсуду АЧС абгрунтаваная тым, што ўзнікненне гэтай хваробы пагражае харчовай бяспецы, і ставіць пад пагрозу здзяйсненне экспартна-імпартных аперацый».
Што кажуць вяскоўцы
А цяпер звернемся да сведчанняў вяскоўцаў і асобаў, што прымалі ўдзел у тых падзеях.
Паводле мясцовых, 16 лютага ў вёску Нязнанава прыехала вялікая група супрацоўнікаў санэпідэмстанцыі і міліцыі. Міліцыя арганізавала ачапленне, а супрацоўнікі санэпідэмстанцыі пачалі хадзіць па падворках. Яны забралі свіней, забілі іх, вывезлі ў лес і спалілі. Людзям казалі, што ў вёсцы выявілі эпідэмію чумы свіней.
Па словах аднаго з удзельнікаў ачаплення, свіней забівалі электратокам. «Напэўна, каб крыві не было».
Пазней усім, у каго забралі свіней, пачалі выплачваць кампенсацыю з разліку 15 тысяч рублёў за 1 кг вагі.
У апошнія дні ў Нязнанаве праводзілася дэзінфекцыя падворкаў і дамоў.
Як піша «Салідарнасць», у суседняй вёсцы Радагошча жыхароў пісьмова абавязалі неадкладна паведамляць пра выпадкі захворванняў жывёлы на ўласным падворку, а таксама забаранілі цягам двух тыдняў забіваць жывёлу і прадаваць яе жывой вагой.
Згодна правілаў
Працэдура адабрання хворых жывёл з наступнай іх утылізацыяй прапісаная ў дакуменце, зацверджаным Кабінетам міністраў у 1995 г. Дакумент, які падпісаў Міхаіл Чыгір, называецца «Парадак адабрання хворых жывёл, прадуктаў жывёльнага паходжання і пакрыцця шкоды юрыдычным і фізічным асобам пры ліквідацыі ачага заразных хвароб жывёл». Азнаёміцца з ім можна на сайце Ветэрынарнай службы Беларусі ў раздзеле «Заканадаўства» («Парадак адабрання хворых жывёл»).
У ім гаворыцца, што пры ліквідацыі ачагоў заразных хвароб жывёл ажыццяўляюцца адабранне хворых і падазраваных у заражэнні жывёл і прадуктаў, атрыманых ад такіх жывёл, з наступным забоем жывёл, знішчэннем, утылізацыяй або тэхнічнай перапрацоўкай іх або прадукцыі, атрыманай з гэтых жывёл. Кампенсацыя шкоды, нанесенай юрыдычным і фізічным асобам адабраннем жывёл, выплачваецца ў адпаведнасці з закупачным цэнам.
Цікавы момант — да ўтылізацыі тушаў забітых жывёл прыбягаюць у выпадках, калі дыягназ іх захворвання будзе выстаўлены з дапамогай ветэрынарна-санітарнай экспертызы.
Таксама дакумент агаворвае ўдзел супрацоўнікаў міліцыі ў падобных мерапрыемствах. Іх пры неабходнасці запрашае галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар раёна (горада).
Як бачым, некаторыя пункты дакумента супадаюць са сведчаннямі вяскоўцаў: свіней забралі, забілі і спалілі; пры гэтым прысутнічала міліцыя; гаспадарам забітай жывёлы выплацілі кампенсацыю згодна закупачных цэнаў.
Цяпер звернемся да Ветэрынарна-санітарных правілаў барацьбы з афрыканскай чумой свіней, зацверджаных у 2009 г. Мінсельгасхарчам.
Тут гаворыцца, што ў арганізацыях, асабістых падсобных гаспадарках грамадзян
пры падазрэнні на АЧС неабходна, сярод іншага, правесці наступныя мерапрыемствы: арганізаваць забой (бяскроўны) хворых свінняў, збор трупаў загінуўшых і забітых свіней у адпаведнасці з патрабаваннямі па знішчэнні трупаў жывёл; адвесці ў межах тэрыторыі ўчастак для спальвання трупаў свіней (для арганізацый закрытага тыпу); спыніць забой і рэалізацыю жывёл і прадуктаў іх забою; правесці дэзінфекцыю месца ўтрымання і выгулу хворай жывёлы, падворкаў, прылеглых тэрыторый.
Такім чынам, калі паверыць словам вяскоўцаў і параўнаць апісаныя імі дзеянні санэпідэмстанцыі з патрабаваннямі адпаведных правілаў, можна дапусціць, што ў Нязнанаве праводзіліся не вучэнні, а абмежавальныя меры пры падазрэнні на АЧС.
Такая версія, улічваючы эканамічныя рызыкі, часткова тлумачыць паводзіны ўладаў.Калі гэта так, то мы, магчыма, маем справу з сітуацыяй, калі маёмасныя інтарэсы невялікай групы грамадзян былі прынесеныя ў ахвяру інтарэсам дзяржаўным.
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у прыватнасці, ацэньвае магчымую шкоду ад хваробы ў дзясяткі мільёнаў даляраў.З іншага боку, замоўчванне праблемы, як паказала практыка, можа прывесці да панічных настрояў і нараджэння чутак. А спробы прыхаваць ветэрынарныя праблемы могуць нанесці гіганцкую шкоду рэпутацыі нашай дзяржавы.
Рэха вучэнняў у Нязнанаве
Як паведаміў «НН» у сераду супрацоўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства аднаго з раёнаў Брэстчыны, у іхнім рэгіёне ветэрынарныя службы прыведзеныя ў падвышаны стан гатоўнасці. «У першую чаргу інспектуюць буйныя свінакомплексы. У хуткім часе пачнецца праверка прыватных гаспадарак», — расказаў ён.
Пазней падобная інфармацыя прыйшла з Гродзенскай вобласці. Там мясцовыя ветэрынары нібыта пачалі маштабную інспекцыю прыватных падворкаў.
Была такая інфармацыя і з аднаго з раёнаў Мінскай вобласці, аднак супрацоўнікі мясцовай санэпідэмстанцыі не пацвердзілі яе.





