У сваіх унутраных спрэчках дэмакратычная апазыцыя падышла да небясьпечнай рысы.

З высвятленьня вагі асобных палітыкаў палеміка перайшла ў сьветапоглядную галіну, з асобаў — на пробы партыйнае вагі, загаварылі найстрашнейшыя перажыткі каляніялізму, расейскамоўныя пачалі брацца на беларускамоўных і наадварот. Голасам стрыманасьці мусілі б прамаўляць інтэлектуалы, але, на жаль, і частку іх захапілі партыйныя прыналежнасьці; старыя крыўды адных, даўнія фанабэрыі другіх абудзіліся, падбіваючы да падрахункаў і рэваншу, падрываючы адзінства прыхільнікаў дэмакратыі і эўрапейскага выбару.

Незаўважна пад пагрозай руйнаваньня аказалася ўсё тое, што напрацоўвалася цэлыя гады й дазваляла захоўваць прыцягальнай, жыцьцяздольнай і неперарыўнай дэмакратычную альтэрнатыву.

Ня можна разбураць фундамэнтаў адзінства незалежнага грамадзтва. Ад гэтага зьменшацца шанцы Беларусі на ператварэньне ў дэмакратычную, скансалідаваную цэнтральнаэўрапейскую дзяржаву і надаўжэй зацягнецца перабываньне яе ў постсавецкім стане.

Ня варта казаць: усе вінаватыя патрошку. Мера віны ў кожнага свая. На сайце адной з партый за тыдзень зьявілася дзесяць пафмлетаў на адрас палітыка, за якога самі партыйцы надоечы агітавалі. На другім інтэрнэт‑сайце назвалі «Нашу Ніву», і ўвогуле ўсю нацыянальную культуру, «нацыянальнай лавачкай»… Пакуль будзе захоўвацца культурны расізм, пакуль палітычныя дзеячы і інтэлектуалы будуць дазваляць сабе спэкуляцыі на нацыянальным пытаньні, нічога зь Беларусі ня будзе.

Аднак ня можна зацыклівацца на пошуках вінаватых.

Успышкі нематываваных ці другасна‑матываваных палемік апошняга часу высьвецілі, наколькі крохкае яшчэ адзінства і наколькі важна ўнікаць канфліктаў па непрынцыповым.

Палітыкаў заклікаем знайсьці ўзаемавыгадны кампраміс у непрынцыповых пытаньнях.

Заклікаем да стрыманасьці аўтараў кола «Нашай Нівы», «ARCHE» і ўсіх іншых выданьняў.

Як бацькі ня маюць права ўцягваць дзяцей у свае канфлікты, так ня можна ў запале палітычных палемік ставіць пад сумнеў фундамэнтальныя прынцыпы незалежнага грамадзтва.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна