У Гомелі 21 лютага, у міжнародны Дзень роднай мовы, грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» арганізавала і правяло дыктоўку на беларускай мове ў рамках агульнанацыянальнай акцыі. Удзельнікам мерапрыемства, а імі сталі каля 20 чалавек, былі прапанаваныя для напісання два тэксты — «Родная мова» Максіма Танка і «Ліст у рэдакцыю» Янкі Купалы. Дыктавала тэксты вядомы бард Вольга Цярэшчанка, якая таксама з’яўляецца настаўніцай беларускай мовы.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі заахвочвальныя падарункі — значкі і буклеты-інструкцыі аб тым, як пачаць размаўляць на роднай мове.

«У Гомелі ТБМ праводзіла дыктоўку трэці раз.

Чамусьці людзей было менш, чым летась. Прыкладна палова ўдзельнікаў — члены ТБМ, астатнія — моладзь, якая прыйшла да нас упершыню, новыя людзі.
Добра, што з’явілася такая традыцыя, і прыйшлі людзі. Тут сэнс не ў тым, каб напісаць без памылак, а ў тым, каб сабрацца разам. Па ўсёй краіне ў гэты дзень пісалі дыктоўкі, таму важна было адчуць гэтае яднанне на глебе роднай мовы», — пракаментаваў старшыня абласной арганізацыі ТБМ Яўген Якавенка.

21 лютага ў гомельскіх бібліятэках таксама праходзіла акцыя «Размаўляй са мной па-беларуску!». Па заяве арганізатараў, супрацоўнікі бібліятэк павінны былі ў гэты дзень размаўляць паміж сабой і з наведнікамі на беларускай мове, а таксама прапаноўваць чытачам беларускамоўныя творы.

Аднак, прынамсі, у адной з бібліятэк, якую наведаў карэспандэнт БелаПАН, акцыя не адбылася — супрацоўнікі размаўлялі на расійскай мове і беларускіх кніг не прапаноўвалі.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?