Наста Шулейка. Фота Сяргея Ягелы.

Наста Шулейка. Фота Сяргея Ягелы.

Наста навучалася на 2-м курсе дзённага аддзялення Інстытута журналістыкі БДУ.
31 снежня 2011 года яе затрымалі каля ІЧУ на Акрэсціна. Новы год яна правяла за кратамі.
Ва ўніверсітэце яна мела запазычанасці па заліках, праз што не дапусцілася да сесіі. А 24 студзеня быў падпісаны загад аб яе адлічэнні.

Дзяўчына сказала, што пра адлічэнне даведалася толькі ў лютым, калі патэлефанавала ў дэканат. Хацела спытаць, што будзе далей з яе запазычанасцямі.

Наста адзначыла, што ніякіх дакументаў з міліцыі адміністрацыя ВНУ не атрымлівала. Паводле яе інфармацыі, самі супрацоўнікі шукалі інфармацыю ў інтэрнэце.

25 лістапада Шулейку затрымалі падчас акцыі ў падтрымку Алеся Бяляцкага.
Пасля гэтага ва ўніверсітэце была створана адмысловая камісія, на якой вырашалі, адлічыць дзяўчыну з ВНУ ці вынесці вымову. Спыніліся на апошнім варыянце.
19 снежня дзяўчыну затрымалі паўторна, падчас малітвы каля Чырвонага касцёла. Тады яна атрымала 700 тысяч штрафу.

Наста сказала, што не збіраецца з’язджаць у Польшчу па праграме Каліноўскага. Наадварот, яна спадзяецца паступіць на завочнае аддяленне ў адну з ВНУ Вільні, каб заставацца ў Беларусі.

Беларусь — адзіная краіна Еўропы, дзе студэнтаў выганяюць з універсітэтаў за ўдзел у палітычнай дзейнасці. У свой час розгалас набылі гісторыі з выключэннем такіх выбітных студэнтаў, як Таня Хома, Таццяна Шапуцька, Франак Вячорка, Зміцер Жалезнічэнка.

У студзені гэтага года працоўная група Балонскага працэс вынесла вердыкт: «Беларусь не гатовая далучыцца да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі».
Сярод іншага, еўрапейская акадэмічная супольнасць лічыць, што беларускія ўлады мусяць «забяспечыць абарону правоў студэнтаў».

***

Наста Шулейка распавядае пра дапамогу затрыманым на Акрэсціна пасля леташніх маўклівых акцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?